пы́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
Круглая пульхная булка. Ударніку — мядовыя пышкі, а гультаю — яловыя шышкі. З нар.
пышнавало́сы, ‑ая, ‑ае.
З пышнымі валасамі. З кабіны крана высунулася пышнавалосая галава, бліснулі вялікія сінявыя вочы, потым паказаўся сцяты кулачок. Хадкевіч. Пышнавалосая, рослая афіцыянтка сваім з’яўленнем на нейкі момант прымірыла ўсіх за сталом. Мыслівец.
пышнагру́ды, ‑ая, ‑ае.
З высокімі поўнымі грудзьмі. Белакосая, пышнагрудая дзяўчына ў квяцістай сукенцы нечакана выйшла з двара... Шамякін.
пы́шнасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць і якасць пышнага (у 1 знач.). Альбіна заспяшалася апранацца і ўжо на беразе вельмі ж пільна глядзела на Галю. І, мабыць, зайздросціла пругкасці яе маладога цела, прыгажосці яе твару, пышнасці яе светлых валасоў. Сабаленка.
2. Раскоша. Пан Вашамірскі рыхтаваўся да Новага года і з усёй пышнасцю ўпрыгожваў палац, застолле. Кучар. У крэпасці быў прасторны мураваны храм, пабудаваны «з вялікай пышнасцю». «Полымя».
пышне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
Станавіцца пышным, пышнейшым.
пы́шны, ‑ая, ‑ае.
1. Мяккі, пухкі, лёгкі. Ужо бадай усё лісце абсыпалася з дрэў і пышным, стракатым дываном укрыла навакол траву і алеі. Паслядовіч. // Пушысты, густы, мяккі (пра валасы, шэрсць і пад.). [Ядвіся] была ў прыгожай чырвонай кофтачцы, якая вельмі ішла да яе твару, а чорныя і пышныя валасы яе былі перахвачаны чырвонай стужкай. Колас. Рослы юнак з правільнымі рысамі твару.., з пышнай, як капа сена, чупрынай, ён нечым вабіў да сябе. Сабаленка. // З вялікай колькасцю лісця, галін і пад. Сілачом стаіць Дуб разложысты, І здалёк відаць Пышны верх яго. Колас. // Поўны, круглявы (пра чалавека, яго твар). Антон Сафронавіч пачаў жартаваць з жонкі. Прыехала сюды [на курорт] худая, скура ды косці, а цяпер — глядзі, якая пышная дама! Паслядовіч.
2. Раскошны, багаты. Як у замку пышным Баляваў барон, Прыязджалі госці з чатырох старон. Глебка. Патоцкі старанна маскіруе свае пачуцці, загадаўшы наладзіць пышнае пахаванне Бандароўны. Шкраба.
3. Напышлівы (пра мову). Пышныя фразы.
пы́шыцца, ‑шуся, ‑шышся, ‑шыцца; незак.
Празмерна ганарыцца, задавацца. Не пышыўся, не сек з пляча майстар Шарахоўскі, не разганяў людзей. Шынклер.