пышны, ‑ая, ‑ае.

1. Мяккі, пухкі, лёгкі. Ужо бадай усё лісце абсыпалася з дрэў і пышным, стракатым дываном укрыла навакол траву і алеі. Паслядовіч. // Пушысты, густы, мяккі (пра валасы, шэрсць і пад.). [Ядвіся] была ў прыгожай чырвонай кофтачцы, якая вельмі ішла да яе твару, а чорныя і пышныя валасы яе былі перахвачаны чырвонай стужкай. Колас. Рослы юнак з правільнымі рысамі твару.., з пышнай, як капа сена, чупрынай, ён нечым вабіў да сябе. Сабаленка. // З вялікай колькасцю лісця, галін і пад. Сілачом стаіць Дуб разложысты, І здалёк відаць Пышны верх яго. Колас. // Поўны, круглявы (пра чалавека, яго твар). Антон Сафронавіч пачаў жартаваць з жонкі. Прыехала сюды [на курорт] худая, скура ды косці, а цяпер — глядзі, якая пышная дама! Паслядовіч.

2. Раскошны, багаты. Як у замку пышным Баляваў барон, Прыязджалі госці з чатырох старон. Глебка. Патоцкі старанна маскіруе свае пачуцці, загадаўшы наладзіць пышнае пахаванне Бандароўны. Шкраба.

3. Напышлівы (пра мову). Пышныя фразы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)