пы́рскаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. чым. Раскідаць кроплі вадкасці, іскры, дробныя часцінкі чаго‑н. Калі Павел прыбег на панскі двор, там ужо было многа крошынцаў, а маленькі вёрткі чыноўнік Нервалодаў нешта крычаў і пырскаў слінаю на сялян. С. Александровіч. Язэп бачыў, як тол знік пад вадой, як цягнуў у глыбіню шнур, як той гарэў і пырскаў іскрамі. Асіпенка. // Рассейваць кроплі вады або якой‑н. вадкасці куды‑н. з якой‑н. мэтай. Маці набірае з конаўкі поўны рот вады і пырскае ў мой твар. Бядуля. [Тася Кабрынец] да свірна прыйшла, дзе пратручваюць сяброўкі льнасемя. Пырскаюць на яго спецыяльным растворам. Бялевіч.
2. Разлятацца, рассейвацца кроплямі, дробнымі часцінкамі. Афіцэр крычыць, аж пена з рота пырскае. Кулакоўскі. [Яўхім і Рыгор] удвух ідуць мокрым поплавам і вада пырскае з-пад іх ног. Чорны. / Пра дробны дождж. Пачаў пырскаць дробны дожджык, але цяпер ён быў няшкодным, нават адкрытае вогнішча ад гэтага не цярпела. Маўр. // перан. Моцна выяўляцца (пра пачуцці, настрой). [Злосць] поўніла ўсю .. істоту [Соміка], пералівалася цераз берагі, пырскала, біла фантанам. Крапіва. Гуллівы настрой, здавалася, так і пырскаў з.. [Таніных] агністых вачэй. Марціновіч.
3. Імкліва разбягацца, скакаць, накіроўвацца ў розныя бакі. Бясконцым.. хорам сакаталі конікі і пырскалі з-пад ног на ўсе бакі. Дуброўскі.
4. Не стрымаўшыся, пачаць смяяцца. Палашка грозна аглядала.. [дзяўчат] і выходзіла. Дзяўчаты не вытрымлівалі і дружна пырскалі смехам. Лынькоў. Шапталіся, паціху пырскалі ад смеху. Пянкрат.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)