пле́сня, ‑і, ж.
1. Мікраскапічны грыбок у выглядзе пушыстага налёту розных колераў, які ўтвараецца на харчовых прадуктах, рэчах хатняга ўжытку, на жывёльных і раслінных рэштках пры пэўнай тэмпературы і вільготнасці. Накрытая плесняю, стаяла ў канале жоўтая, падобная на чай, тарфяная вада. Краўчанка. Сцены і столь ад вільгаці пакрыліся плесняй, абвальваецца тынкоўка. «Звязда».
2. перан. Пра элементы распаду, разлажэння ў псіхіцы, ідэалогіі і пад. [Пракоп] не бачыць плесні заскарузлага ў сваёй старадаўнасці вясковага жыцця. Колас.
плесняві́ца, ‑ы, ж.
Тое, што і малочніца (у 2 знач.).
пле́сці, пляту, пляцеш, пляце; пляцём, плецяце, плятуць; пр. плёў, пляла, пляло; заг. пляці; незак., што.
1. Перавіваючы (лазу, ніці, стужкі і інш.) злучаць у адно цэлае, вырабляць што‑н. Плесці кошыкі. Плесці лапці. □ І не цураліся дзяўчаты, Плялі вяночкі з красак мне. Колас.
2. перан. Разм. Гаварыць няпраўду, узводзіць паклёп. — Ваша вялікасць, — заявіў Мазарыні, — Англія зноў пляце тайныя інтрыгі супраць Францыі. «ЛіМ».
3. перан. Разм. Гаварыць што‑н. без сэнсу, не думаючы. Той, перш чым адказаць, бадзёра ўсміхаўся і плёў такую бязглуздзіцу, што аканом нічога не мог зразумець. Чарнышэвіч. // і без дап. Разм. Выдумваць, нагаворваць. Зося яшчэ ўсяго не ведала, што пра яе плятуць. Крапіва. — Ай-яй, на такога чалавека і гэтакае плесці, — абураўся Касач. Гурскі.
•••
Плесці з дуба вецце — гаварыць абы-што, малоць языком.
Плесці кашалі з лапцямі — гаварыць немаведама што, без сэнсу.
Плесці лухту — тое, што і вярзці лухту (гл. вярзці).
пле́сціся, плятуся, пляцешся, пляцецца; пляцёмся, плецяцеся, плятуцца; пр. плёўся, плялася, плялося; заг. пляціся; незак.
1. Разм. Павольна ісці, ледзь перастаўляючы ногі. За хлопцам, на повадзе, таксама звесіўшы галаву, неахвотна плёўся конь. Мележ.
2. Зал. да плесці.
•••
Плесціся ў абозе — тое, што і цягнуцца ў абозе (гл. цягнуцца).
Плесціся ў хвасце — быць апошнім у чым‑н.
пле́ўка, ‑і, ДМ плеўцы; Р мн. плевак; ж.
1. Скурка, якая ўтвараецца на паверхні нерухомай вадкасці. Цяпер сажалка пакрыта зялёнай плеўкай. Бядуля.
2. Перапонка. Пальцы задніх ног [у баброў] злучаны плеўкай, як у гусей. Маўр.
3. Тонкі пласт чаго‑н. Дождж закапаў часцей, хутка светлыя вадзяныя ніткі пацягнуліся ад хмары на зямлю, услалі яе тонкаю плеўкай туману. Галавач.
пле́ўкавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да плеўкі.
пле́ўра, ‑ы, ж.
Абалонка, якая пакрывае лёгкія і сценкі грудной поласці ў вышэйшых хрыбетных жывёл і чалавека.
[Грэч. pleurā — бок, рабро.]
плеўра́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да плеўры.
плеўрапнеўмані́я, ‑і, ж.
Крупознае запаленне лёгкіх, ускладненае плеўрытам.
[Ад грэч. pleurā — бок і pneumōn — лёгкае.]
плеўры́т, ‑у, М ‑рыце, м.
Запаленне плеўры. Раненне ў грудную клетку.. дало цяжкі плеўрыт. Кулакоўскі.