пле́сці, пляту, пляцеш, пляце; пляцём, плецяце, плятуць; пр. плёў, пляла, пляло; заг. пляці; незак., што.
1. Перавіваючы (лазу, ніці, стужкі і інш.) злучаць у адно цэлае, вырабляць што‑н. Плесці кошыкі. Плесці лапці. □ І не цураліся дзяўчаты, Плялі вяночкі з красак мне. Колас.
2. перан. Разм. Гаварыць няпраўду, узводзіць паклёп. — Ваша вялікасць, — заявіў Мазарыні, — Англія зноў пляце тайныя інтрыгі супраць Францыі. «ЛіМ».
3. перан. Разм. Гаварыць што‑н. без сэнсу, не думаючы. Той, перш чым адказаць, бадзёра ўсміхаўся і плёў такую бязглуздзіцу, што аканом нічога не мог зразумець. Чарнышэвіч. // і без дап. Разм. Выдумваць, нагаворваць. Зося яшчэ ўсяго не ведала, што пра яе плятуць. Крапіва. — Ай-яй, на такога чалавека і гэтакае плесці, — абураўся Касач. Гурскі.
•••
Плесці з дуба вецце — гаварыць абы-што, малоць языком.
Плесці кашалі з лапцямі — гаварыць немаведама што, без сэнсу.
Плесці лухту — тое, што і вярзці лухту (гл. вярзці).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)