Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пладазме́ннасць, ‑і, ж.

Уласцівасць пладазменнага.

пладазме́нны, ‑ая, ‑ае.

Заснаваны на пладазмене.

пладалі́сцік, ‑а, м.

Відазменены ліст у кветках пакрытанасенных раслін, на якім развіваецца семязавязь.

пладано́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.

Частка сцябла, на якой трымаецца плод.

пладано́снасць, ‑і, ж.

Уласцівасць пладаноснага. // Здольнасць прыносіць плады (у 1 знач.).

пладано́сны, ‑ая, ‑ае.

Які прыносіць плады (аб раслінах). Пладаносны сад. Пладаноснае дрэва.

пладая́гадны, ‑ая, ‑ае.

1. Звязаны з вырошчваннем і апрацоўкай фруктаў і ягад.

2. Прыгатаваны з фруктаў і ягад. Пладаягадныя кансервы.

3. Які дае фрукты і ягады. І.У. Мічурын вывеў звыш 300 гатункаў новых пладаягадных раслін. «Беларусь».

пладзі́цца, плодзіцца; незак.

1. Размнажацца, разводзіцца. У паўночнай частцы Ладажскага возера плодзіцца чорны сіг. «Маладосць». // Разм. Нараджаць вялікае патомства. — Жаніся, брат, пладзіся, напаўняй пінскія балоты, валодай імі, — гаварыў Лабановіч. Колас.

2. перан. З’яўляцца ў вялікай колькасці. Вокам кіну, вокам гляну, — Думкі роем плодзяцца. А. Александровіч.

пладзі́ць, пладжу, плодзіш, плодзіць; незак., каго-што.

1. Размнажаць, разводзіць. // Разм. Нараджаць (вялікае патомства). Пладзіць дзяцей. // Прыносіць ураджай, даваць плады, насенне. Няма яе [вады] — зямля пладзіць не здольна, Нібы губляе ад жыцця ключы. Чарнушэвіч.

2. перан. Садзейнічаць з’яўленню чаго‑н., параджаць. [Міхал:] — Хопіць пладзіць адукаваных няўмек з прэтэнзіямі. Карпаў.

пладні́к, ‑а, м.

Тое, што і песцік.