меншаві́цкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да меншавізму, меншавікоў, уласцівы ім.
меншаві́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Жан. да меншавік.
ме́ншасць, ‑і, ж.
Меншая частка чаго‑н. цэлага, якой‑н. групы.
•••
Нацыянальная меншасць — нацыянальнасць, якая ў колькасных адносінах ўтварае меншасць у параўнанні з асноўнай масай насельніцтва краіны.
ме́ншаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Рабіцца меншым, памяншацца; спадаць; убываць. Калона меншала, і ўсё бліжэй чуліся стрэлы. Сачанка. Машыніст біў і біў струменем у агонь, і той з кожнай секундай усё меншаў і меншаў. Васілёнак. Лета ішло на спад, дні прыкметна меншалі. Навуменка.
ме́ншы, ‑ая, ‑ае.
1. Выш. ст. да прым. малы (у 1–3 і 5 знач.). Пасля таго як у Руднічах арганізаваўся калгас, сяляне пастанавілі меншую палавіну дома аддаць пад праўленне, а большую — абсталяваць пад клуб. Курто. Маленькі, шчуплы стараста раптам зрабіўся яшчэ меншым, сціснуўся, утуліў галаву ў плечы. Шамякін.
2. Са словам «самы» азначае найвышэйшую ступень да прым. малы. Далёкае, няведамае, сіняе неба! Тысячы, мільёны гадоў пазіраеш ты, без болю, без трывогі, пазіраеш на ўсіх роўна: на чалавека, на звера, на птушку, на самую меншую мушку. Колас.
3. Якому менш гадоў у параўнанні з кім‑н.; самы малады сярод іншых. Вярнуўся Сцёпка з паходу на досвітку, ціхенька адчыніў адрынку, дзе спалі двое меншых яго братоў. Колас.
•••
Па меншай меры гл. мера.
ме́ншыцца, ‑шыцца; незак.
Разм. Рабіцца меншым.
ме́ншыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; незак., што.
Разм. Рабіць меншым; памяншаць. На хвіліну пакідаецца работа, адстаўляюцца піўныя пляшкі, вёдры з півам, пакідаецца солад і нават печ меншыць свой агонь. Мурашка.
меню́, нескл., н.
1. Набор страў да абеду, снедання і інш. Люся не стрымалася і запыталася, як там мама. — А што ёй? — адмахнуўся повар. — Хутка сама ля катлоў будзе ўпраўляцца. І меню будзе сама складаць. Даніленка.
2. Лісток, на якім пералічаны стравы (у сталовай, рэстаране, кафэ). Хапіўшы на ляту са стала меню, да чалавека паляцела Люся і здалёк спытала: — Вам што? Карпюк.
[Фр. menu.]