Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

медалье́рны, ‑ая, ‑ае.

Звязаны з вырабам форм для адліўкі і чаканні манет і медалёў.

медальён, ‑а, м.

1. Аздабленне авальнай ці круглай формы ў выглядзе футарала, унутр якога можна ўстаўляць фотаздымак або які‑н. талісман; носіцца звычайна на ланцужку на шыі. Налева ад трона, некалькі воддаль ад усіх, стаіць Гамлет. Па ім чорны аксамітавы плашч, на фоне якога блішчыць залаты ланцужок з вялікім медальёнам. «Полымя».

2. Рэльеф або малюнак у авальным або круглым абрамленні.

[Фр. médaillion.]

медальённы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да медальёна. Медальённы ланцужок.

меда́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да медаля; звязаны з вырабам медалёў. Медальная стужка. Медальны цэх.

меда́льшчык, ‑а, м.

Тое, што і медальер.

медано́с, ‑а і ‑у, м.

1. ‑а. Меданосная расліна. Лазоўка з’яўляецца добрым меданосам.

2. ‑у. Тое, што і медазбор (у 1 знач.). Была пара грэцкага меданосу, калі дзень цэлы качаліся пчолы па белай пене грэчкі. Ермаловіч.

медано́снасць, ‑і, ж.

Уласцівасць меданоснага.

медано́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Багаты нектарам. На лугах — безліч усякіх меданосных раслін і кветак. Кулакоўскі.

2. Які ператварае нектар у мёд. Меданосныя пчолы.

меддапамо́га, ‑і, ДМ ‑мозе, ж.

Медыцынскай дапамога.

меджлі́с, ‑а, м.

Адна з палат парламента Ірана; назва парламента Турцыі.

[Ад араб. medžlis — сход.]