Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

з’іна́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго-што.

Разм. Зрабіць інакшым; перайначыць. — Мы ў жыцці ўсё з’іначым, Не пазнаць краіны будзе; Смехам радасным, дзіцячым Усміхацца будуць людзі. Пушча.

з’іне́лы, ‑ая, ‑ае.

Пакрыты інеем; заінелы. Алешнік? А можа аленяў сумёты Прыспалі? З’інелыя рогі дрыжаць. Барадулін.

з’іне́ць, ‑ее; зак.

Пакрыцца інеем; заінець.

з’экано́міць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; зак., што і чаго, на чым і без дап.

Эканомячы, сабраць, назапасіць, зберагчы. З’эканоміць грошы.

з’экано́млены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад з’эканоміць.

з’я́ва, ‑ы, ж.

1. Усякае праяўленне чаго‑н. у выглядзе змен, рэакцый і пад. Фізічная з’ява. Хімічныя з’явы. З’явы прыроды. □ Снежная маланка — з’ява досыць рэдкая, і ўбачыць яе ўдаецца далёка не кожнаму. Матрунёнак. // У філасофіі — знешняе выяўленне сутнасці, знешняя форма, у якой прадметы, працэсы рэчаіснасці выступаюць на паверхні.

2. Падзея, факт, выпадак. Яшчэ адна з’ява, што так глыбока запала ў душу Сяргея і так моцна ўскалыхнула яе, — гэта смерць камандзіра іх батарэі. Колас. // Пра што‑н. выдатнае, адметнае ў навуцы, культуры. Класіка на акадэмічнай беларускай сцэне — гэта ж з’ява. «ЛіМ».

3. Частка драматычнага твора — акта або дзеі, у якой склад дзеючых асоб не мяняецца. Першая з’ява другога акта.

•••

Бытавая з’ява — пра якую‑н. з’яву, якая стала штодзённай, звычайнай.

з’яві́цца, з’яўлюся, з’явішся, з’явіцца; зак.

1. Прыйсці, прыбыць куды‑н. Рыгор у назначаны тэрмін з’явіўся ў парк. Гартны. Вартаўнік Мітрафан з’явіўся на крык толькі тады, як збегся цэлы натоўп людзей. Ермаловіч. // Прыбыць куды‑н. па якой‑н. афіцыйнай неабходнасці, загаду і пад. З’явіцца ў суд. □ [Баяновіч:] З’явіўся згодна вашаму загаду. Глебка.

2. Узнікнуць, паказацца перад чыімі‑н. вачамі. На небе з’явіліся першыя зоркі. □ Вось сярод туману нешта заварушылася, і праз хвіліну з’явілася другая лодка. Маўр. // Узнікнуць, зарадзіцца. І такая раптам спакуса з’явілася ў Міхася націснуць на курок, што аж галава закружылася. Якімовіч. Адразу з’явіўся ў Міколкі план, як спрытней узяць ворага. Лынькоў. // Вырасці. Вывеўся .. [апалонік] з ікрынкі, глядзіш, праз колькі дзён у яго лапкі з’явяцца, а пасля і жабай зробіцца. Даніленка. // Аказацца надрукаваным, апублікаваным. Верш «Ворагам Беларушчыны» з’явіўся ў дванаццатым нумары «Нашай нівы» за 1908 год. Казека. // Пачаць дзейнічаць, праяўляць сябе. За гады савецкай улады многа выдатных людзей з’явілася ў беларускім Палессі. Чорны.

3. Стаць, зрабіцца чым‑н. Першая руская рэвалюцыя з’явілася паваротным пунктам у гісторыі народаў Расіі. Ярош.

•••

З’явіцца на свет — нарадзіцца. У шчаслівы час [сын] з’явіўся на свет. Скрыпка.

З’явіцца на чыім гарызонце — тое, што і паказацца на чыім гарызонце (гл. паказацца).

Як з (з-пад) зямлі з’явіцца — тое, што і як з (з-пад) зямлі вырасці (гл. вырасці).

з’я́вішча, ‑а, н.

Разм. Тое, што і з’ява (у 1, 2 знач.). Вайна для Валі была.. раптоўным і нечаканым з’явішчам. Дамашэвіч. Янка Купала — не проста літаратурная з’ява ці эпоха, творчасць паэта — з’явішча грамадска-палітычнае. Лужанін.

з’яда́льнасць, ‑і, ж.

Ступень з’ядання корму жывёлай. Лепшай па пажыўнасці і з’ядальнасці трава бывае ў чэрвені, да пачатку цвіцення.

з’яда́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. з’ядаць — з’есці.