Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

будуа́рны, ‑ая, ‑ае.

Уст. Які мае адносіны да будуара. Будуарная мэбля.

бу́дучы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае наступіць, адбыцца. Там гавораць аб будучым шчасці сваім, Аб сумесным жыцці, аб жыцці маладым. Куляшоў. // Наступны. Будучы год. Будучай вясною.

2. Такі, які рыхтуецца, павінен стаць тым, кім яго называюць. Старая маці Зоські спагадна на .. [Сымона] паглядала, як на будучага зяця. Бядуля. [Кастусь] не мог зразумець, чаму так груба і зняважліва адносяцца педагогі да сваіх выхаванцаў — будучых настаўнікаў. С. Александровіч.

3. Дзеепрысл. цяпер. ад быць.

4. у знач. наз. бу́дучае, ‑ага, н. Час, які ідзе ўслед за цяперашнім; сукупнасць наступных падзей. [Сакратар абкома:] — А ты глядзі наперад, Васіль Мінавіч, у будучае заглядвай. Шамякін.

5. у знач. наз. бу́дучае, ‑ага, н. Доля, лёс; кар’ера. Будучае маладога настаўніка. Будучае артыста.

•••

Будучы час гл. час.

У будучым — у далейшым, потым.

бу́дучыня, ‑і, ж.

1. Часы, падзеі, якія прыйдуць на змену цяперашнім; стан, становішча чаго‑н. у будучым. Камунізм — светлая будучыня чалавецтва. □ Падзеі апошніх гадоў з новай сілай пацвярджаюць, што капіталізм — гэта грамадства, пазбаўленае будучыні. Брэжнеў.

2. Становішча, абумоўленае пэўнымі ўмовамі; лёс, доля. У Нарачы — бясспрэчная будучыня курортнага раёна. В. Вольскі. І ўсё часцей усё лепшае ў сваёй будучыні звязвала [Таццяна] з імем Жэнькі. Шамякін. // Тое, што чакаецца ў будучым. [Максім:] — Наша справа калектыўнай гаспадаркі ёсць справа жыццёвая, правільная, а таму ёй належыць будучыня. Колас.

3. Будучае пакаленне; нашчадкі. Дзеці — наша будучыня.

буды́зм, ‑у, м.

Рэлігія, якая ўзнікла ў канцы 6 ст. да н. э. у Паўночнай Індыі і пашырылася ў Тыбеце, Манголіі, Індакітаі, Кітаі, Бірме, Японіі і некаторых іншых краінах Усходу.

[Па імені легендарнага заснавальніка гэтай рэлігіі Буды.]

буды́йскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да будызму. Будыйскае вучэнне. Будыйскі храм.

буды́нак, ‑нка, м.

Жылое, адміністрацыйнае ці гаспадарчае збудаванне. Былі тут розныя будынкі: Гуменцы, гумны і адрынкі, Хлявы і стайні, і аборы... Колас. Але будынку Аб’яднаных Нацый У Маскве стаяць было б куды цяплей. Панчанка.

буды́ніна, ‑ы, ж.

Разм. Тое, што і будынак. Здалёк хатка здаецца досыць паважнай будынінай, і гэтую паважнасць ёй надае высока паднятая стромкая саламяная страха. Колас. Рэстаран — блізка ля цэнтра. Гэта белая цагляная будыніна ў адзін паверх. Лупсякоў.

буды́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Паслядоўнік будызму.

буды́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да будыст.

буды́сцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да будыстаў.