будаўні́чы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да будаўніцтва, выкарыстоўваецца ў будаўніцтве. Будаўнічы матэрыял. Будаўнічая тэхніка. Будаўнічыя работы.
2. Які мае адносіны да будаўнікоў, складаецца з будаўнікоў, належыць ім. Пачалася гутарка з будоўлі, і Сцяпан Лявонавіч выказаў думку, што трэба павялічыць будаўнічую брыгаду. Дуброўскі. // Звязаны з падрыхтоўкай будаўнікоў. Сцяпан быў ужо камандзірам у марскім флоце, а Марыля закончыла будаўнічы тэхнікум. Кулакоўскі.
бу́дачнік, ‑а, м.
Той, хто нясе каравульную службу ў будцы, жыве ў каравульнай, чыгуначнай будцы. Ідзе Сцёпка,.. мінае чырвоныя домікі будачнікаў, пераезды. Колас. // У дарэвалюцыйнай Расіі — паліцыянт, які глядзеў за парадкам на вуліцы, знаходзячыся ў будцы.
бу́дачны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да будкі. Будачнае акенца.
бу́дзе,
1. 3 ас. буд. ад быць.
2. Разм. Хопіць, даволі, дастаткова. З’еў трохі і будзе.
бу́дзень, ‑дня; мн. будні, ‑дняў; м.
1. Будны, не святочны дзень. Ці то ў будзень, ці то ў свята, Як адчыніш толькі дзверы — У каго які занятак, Можна ведаць па кватэры. Непачаловіч.
2. перан. Штодзённае жыццё. Працоўныя будні. □ Мы ідзём з пуцёўкаю райкома праз гарачыя крутыя годы ў камунізма будзень, як дадому. Вялюгін. Не выгрызе сцежкі Асенняя злосць, Дзе творыцца новы І радасны будзень. Хадыка.
будзёнавец, ‑наўца, м.
Баец Першай Коннай арміі, якой камандаваў С.М. Будзённы ў гады грамадзянскай вайны. Сцёпа і цешыўся з жарэбчыка, і пяшчотна гладзіў па лысінцы, і называў яго самымі ласкавымі словамі. А гэта дзядзьку Мікалаю, старому будзёнаўцу, надта спадабалася. Якімовіч. Ішла будзёнаўцаў калона, Спынілася ля нашых хат. Бялевіч.
будзёнаўка, ‑і, ДМ ‑наўцы; Р мн. ‑навак, ж.
Шлем, які насілі чырвонаармейцы ў перыяд грамадзянскай вайны.
будзённы, ‑ая, ‑ае.
1. Не святочны, будны. Быў звычайны будзённы дзень, калі Паходны прынеслі з Лашыч паведамленне ад Ваўчка. Хадкевіч. // Прызначаны на штодзень. На сцяне вісела будзённая вопратка. Гартны. // Штодзённы, звычайны. Колькі радасці можна знайсці ў звычайным будзённым жыцці. Мурашка. А чым мяне сустрэне бераг новы — Будзённым тлумам, навізною спраў? Панчанка.
2. перан. Сумны, аднастайны. [Рыма:] — Ты таксама вершы пішаш? Люблю паэтаў, яны непасрэдныя, шчырыя, не такія, як усе, будзённыя. Сабаленка. Пытанняў.. нарадчыца чуе за дзяжурства дзесяткі, яны — самыя будзённыя, як і адказы на іх. Васілёнак.
будзёншчына, ‑ы, ж.
Штодзённыя клопаты; жыццё, нецікавае сваёй аднастайнасцю. [Клаўдзя:] — У жыцці ёсць праца, ёсць будзёншчына. І вельмі цяжка бывае заўважыць, памыліўся ты [ці] зрабіў правільна. Савіцкі. [Рыгор:] — Я радуюся, таварыш Міхась, што папаў у гэтыя ўмовы жыцця; я шчаслівы, што не закалыхала мяне мястэчка сваёю будзёншчынаю. Гартны.