Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

басо́н, ‑у, м.

Узорныя плеценыя вырабы (шнуры, тасьма, аблямоўка і інш.), якія ідуць на ўпрыгожанне адзення, аздабленне мэблі.

[Ад фр. passement.]

басо́навы і басо́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да басону. Басонавая работа. Басонавыя карункі.

басо́ншчык, ‑а, м.

Майстар ці рабочы, які вырабляе басоны.

басо́ншчыца, ‑ы, ж.

Жан. да басоншчык.

басо́та, ‑ы, ж.

Тое, што і басата. [Коля] спяваў, падыгрываючы сабе на гітары, а местачковая басота ішла ўслед, баючыся прапусціць хоць адно слова. Навуменка.

ба́ста, выкл.

Разм. Даволі, хопіць, канец. Схаваўся ў гушчары асаковых зараснікаў, перавязаў нагу кашуляй, сказаў сам сабе: «Баста, адваяваўся, Тарас». Асіпенка.

[Іт. basta.]

бастава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак.

Арганізавана спыняць працу з мэтай дамагчыся ад капіталістычных прадпрыемцаў або ўрада задавальнення эканамічных або палітычных патрабаванняў. Той самай зімы, пад вясну, на хімічнай фабрыцы, у горадзе, баставалі рабочыя. Чорны. // перан. Разм. Выказваючы сваё незадавальненне чым‑н., адмаўляцца ад ўдзелу ў якой‑н. рабоце.

басто́н, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у. Высакаякасная тонкая шарсцяная тканіна для касцюмаў. Касцюм з бастону.

2. ‑а. Карцёжная гульня. Гуляць у бастон.

3. ‑а. Танец павольнага тэмпу. Танцаваць бастон.

[Ад геагр. назвы.]

басто́навы, ‑ая, ‑ае.

Пашыты з бастону (у 1 знач.). У сінім бастонавым гарнітуры, пры яркім шырока завязаным гальштуку, з светлым фетравым капелюшом у руцэ,.. [Варушка] выглядаў франтавата і па-святочнаму. Карпаў.

бастр, ‑у, м.

Жоўты цукровы пясок нізкай якасці, які атрымліваецца пры пераварцы бурачнай патакі.