багаце́йка, ‑і, ДМ ‑цейцы; Р мн. ‑цеек; ж.
Разм. Жан. да багацей.
багаце́йскі, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які належыць або ўласцівы багацею. [Мікола:] Досыць шчаўя і мякіны З багацейскага стала. Броўка.
багаце́йшы, ‑ая, ‑ае.
Выш. ст. ад прым. багаты.
багаце́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
Станавіцца багатым, багацейшым. Панская пільня! Яна належала пану, а трымаў яе ад пана і багацеў з яе нейкі падпанак з гарадка. Чорны. Цяжка было жыць пасля вайны. Але год за годам калгас багацеў, больш важкім рабіўся працадзень. Гроднеў. // Абзаводзіцца чым‑н., разжывацца на што‑н. Краіна пасля вайны багацела на самую дасканалую тэхніку. Паслядовіч. // Станавіцца паўнейшым, павялічвацца. Гумно паўнела з колевым годам, І багацеў хлявец прыплодам. Колас. // Набываць якасна новыя рысы. Багацець духоўна. // Развівацца, удасканальвацца. Багацее мова, узнімаецца яе культура.
бага́цце, ‑я, н.
1. Матэрыяльныя каштоўнасці, грашовыя накапленні. Іменна ў пачатковы перыяд таварнага абарачэння ў грошы ператвараецца толькі лішак спажывальных вартасцей. Такім чынам золата і серабро самі сабой становяцца грамадскім выражэннем лішку, або багацця. Маркс. // Раскоша, шыкоўнасць. Багацце абсталявання. Багацце ўбрання.
2. Наогул маёмасць, набытак. [Ахрэм] у нас вартаўнік вялікага багацця — усёй калгаснай жывёлы. Кавалёў. // Мноства чаго‑н. Багацце тавараў. Багацце фактычнага матэрыялу. // Нешта асабліва каштоўнае сярод іншага. Але сапраўдным багаццем і гонарам запаведніка з’яўляюцца бабры. В. Вольскі. Маё багацце — песня любай ліры. Кляшторны.
3. Сукупнасць прыродных рэсурсаў. Прыродныя багацці. Багацце жывёльнага свету. Багацце расліннага покрыву. □ Травяное багацце лугу ўначы запахла на ўсю сваю духмяную сілу. Быкаў.
4. Мноства разнастайных якасцей. Духоўнае багацце савецкага чалавека. Багацце акцёрскай палітры. Інтанацыйнае багацце верша. Багацце колераў. Багацце пачуццяў.
бага́ч, ‑а, м.
1. Той, хто валодае вялікім багаццем. Вось гуляе багач, Аж палац той дрыжыць. Купала. Багачы і панства, Нашы «дабрадзеі»! Мы на суд вас клічам, Каты вы, зладзеі! Колас. Падрослых хлопчыкаў .. [ўдовы] аддавалі ў пастушкі. Дачок — багачам у служанкі. Бядуля. / у іран. ці жарт. ужыв. Пра небагатага чалавека.
2. Уст. Свята ўвосень, 8 верасня. — Пойдзем, сынок, на багача ў Мікалаеўку, — сказала маці, праслухаўшы бацькава пісьмо. Якімовіч. Прыйшоў багач — кідай рагач, бяры сявеньку ды сёй памаленьку. Прыказка.
бага́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Жан. да багач.
багдыха́н, ‑а, м.
Гіст. Кітайскі імператар.
[Манг. bogdohan.]
багдыха́нскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да багдыхана.
баге́ма, ‑ы, ж.
1. зб. У буржуазным грамадстве — матэрыяльна незабяспечаныя прадстаўнікі інтэлігенцыі (мастакі, артысты, музыканты і пад.), якія жывуць легкадумна, бязладна.
2. Разм. Бязладны быт такога асяроддзя. Але ў рамане «сонца не свеціць»: за «лапінамі» мяшчанства, багемы і г. д. не бачны гераічныя будні сучаснасць. Адамовіч.
[Фр. bohème.]