Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

атрыма́льнік, ‑а, м.

Той, хто атрымлівае што‑н. Атрымальнік пісьма.

атрыма́льніца, ‑ы, ж.

Жан. да атрымальнік.

атрыма́льніцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да атрымальніка.

атрыма́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. атрымаць.

атры́маны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад атрымаць.

атрыма́цца, ‑аецца; зак.

1. Выйсці, удацца, аказацца якім‑н. (у выніку якога‑н. дзеяння). Новая кватэра атрымалася даволі ўтульная. Шахавец. Жарту не атрымалася, атрымалася голая, суровая праўда. Васілевіч. // Разм. Стаць, зрабіцца кім‑н. З яго атрымаецца добры доктар.

2. Здарыцца, адбыцца як вынік чаго‑н. Як цікава атрымалася тады, у дзень.. першай, сустрэчы з Андрэем. Васілевіч. Ды толькі канфуз атрымаўся з пуцёўкаю — Не ў той, заблудзіўшы, ён [лектар] трапіў калгас. Непачаловіч.

атрыма́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Узяць ад каго‑н. што‑н. перададзенае, перасланае. Атрымаць тэлеграму. Атрымаць падарунак. // Узяць грашовую ці якую іншую плату за працу, дзейнасць. Атрымаць зарплату. Атрымаць пенсію. // Аказацца ўзнагароджаным або пакараным. Атрымаць прэмію. Атрымаць ордэн. Атрымаць пяцёрку на экзамене. Атрымаць падзяку. Атрымаць папярэджанне. // Узяць на карыстанне. Атрымаць кватэру. Атрымаць новую машыну. // Пакарыстацца чыімі‑н. паслугамі. Атрымаць медыцынскую дапамогу. Атрымаць кансультацыю. Атрымаць параду. // Набыць якое‑н. званне, годнасць. Атрымаць ступень кандыдата навук. Атрымаць званне народнага паэта. Атрымаць назву. // Узяць на падставе папярэдняй дамоўленасці, згоды. Атрымацца спадчыне. Атрымаць у доўг. // Набыць папулярнасць. Атрымаць прызнанне. Атрымаць шырокую вядомасць. // Набыць якую‑н. якасць у выніку чаго‑н. Атрымаць добрае выхаванне. Атрымаць спецыяльнасць.

2. Прыняць да выканання. Атрымаць загад. Атрымаць заказ. // Набыць права на выкананне чаго‑н. Атрымаць згоду. Атрымаць дазвол. Атрымаць права. Атрымаць слова.

3. Дабіцца, дамагчыся чаго‑н. Атрымаць высокі ўраджай. Атрымаць вялікі надой малака. Атрымаць добрыя вынікі. Атрымаць перамогу. // Аказацца прызначаным куды‑н. Атрымаць пасаду. Атрымаць месца.

4. Здабыць, вынайсці што‑н. у працэсе пошукаў, даследаванняў. Атрымаць бялок хімічным шляхам. Атрымаць новае паліва.

5. Разм. Аказацца пабітым. Атрымаць па заслугах. Атрымаць па шыі.

атры́млівацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да атрымацца.

2. Зал. да атрымліваць.

атры́мліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да атрымаць.

атрэ́пвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да атрапацца.

2. Зал. да атрэпваць.