Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

фарфо́р, ‑у, м.

1. Штучна прыгатаваная мінеральная маса з высакаякаснай гліны белага колеру, з якой вырабляюць посуд, дэкаратыўныя рэчы, ізалятары і пад. Фарфор не з’яўляецца правадніком электрычнасці.

2. зб. Вырабы з такой масы. Выстаўка старадаўняга фарфору.

[Ад перс. фегфур.]

фарфо́равы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да фарфору. Фарфоравая маса. Фарфоравы завод. Фарфоравая прамысловасць. // Зроблены з фарфору. Фрау важна сядзела за сталом і лена папівала каву з маленькага фарфоравага кубачка. Брыль. Побач стаяла попельніца — фарфоравы заяц, які грызе капусны ліст. Карпаў.

2. Падобны па свайму выгляду або па якасцях да фарфору. Як не хацеў дзед, каб яны пераязджалі ў горад. Ён і памёр, каб не пакідаць гор, цяністага могільніка і сіняга, фарфоравага неба над галавой. Асіпенка.

фарцо́ўка, ‑і, ДМ ‑цоўцы; Р мн. ‑цовак; ж.

Разм. Купля або абмен рэчаў у чужаземцаў і спекуляцыя імі.

фарцо́ўшчык, ‑а, м.

Разм. Той, хто займаецца фарцоўкай.

фарцо́ўшчыца, ‑ы, ж.

Разм. Жан. да фарцоўшчык.

фарш, ‑у, м.

Здробненае мяса для прыгатавання розных відаў ежы. Свіны фарш. Гатаваць фарш для катлет. // Любая дробна нарэзаная начынка. Грыбны фарш. Маркоўны фарш.

[Фр. farce ад лац. farcio — начыняю.]

фа́ршавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да фаршу. // Прыгатаваны з фаршу.

фаршла́г, ‑а, і ‑у, м.

Спец.

1. ‑у. Адзін або два хутка выкананыя перад асноўнай нотай гукі, якія служаць для меладычнага ўпрыгожання.

2. ‑а. Вяроўка для нацягвання пярэдняга паруса.

[Ням. Vorschlag.]

фаршма́к, ‑у, м.

Страва са здробненага селядца ці мяса, запечаных з бульбай, цыбуляй і інш. На закуску падаваўся фаршмак з пячонкі ментузоў са смажанай цыбуляй. // Разм. Сечаны селядзец.

[Ням. Vorschmack.]

фаршта́т, ‑а, М ‑таце, м.

Уст. Пасяленне, якое знаходзіцца па-за межамі горада або крэпасці; прадмесце. Склад стаяў на Бярэзінскім фарштаце, далёка ад людскіх вачэй. Грахоўскі.

[Ням. Vorstadt.]