Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

спачы́ць, ‑чну, ‑чнеш, ‑чне; ‑чнём, ‑чняце; зак.

1. Правесці некаторы час адпачываючы, аднавіць свае сілы ў адпачынку. Я вярнуся спачыць пасля цяжкіх дарог... Таўбін. На аселіцы.. [сябры] ўгледзелі сцірту саломы. Тут і засталіся спачыць. Кухараў. // Разм. Паспаць; аднавіць сілы сном. А там горац, пакінуўшы [статак], Лёг на ўзвышшы спачыць да зары. Гурло.

2. перан. Высок. Памерці, супакоіцца. Не будуць дзеткі Знаць, дзе татка іх спачыў. Колас. Імёны, імёны, імёны... Хто ўчора спачыў, хто даўно... Чэрня.

•••

Спачыць на лаўрах — задаволіўшыся дасягнутым, спыніць работу, дзейнасць і пад.

спая́насць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан спаянага (у 2 знач.).

спая́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад спаяць.

2. перан.; у знач. прым. Моцна з’яднаны дружбай, адзінствам інтарэсаў і пад.; дружны. Спаяны калектыў.

спая́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Злучыцца шляхам паяння.

2. перан. Аб’яднацца ў адно непарыўнае цэлае; звязацца, злучыцца. Алеся я люблю. Багата сяброў пагублялася па свеце, а от з ім моцна спаяліся. Пінчук.

спая́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго-што.

1. Злучыць паяннем. Спаяць трубы.

2. перан. Непарыўна звязаць, з’яднаць. Аднойчы паміж намі адбылася гаворка, якая ўсхвалявала нас абодвух і спаяла яшчэ мацней. Краўчанка.