Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

фарсу́ншчык, ‑а, м.

Рабочы, які абслугоўвае фарсунку.

фарсу́ншчыца, ‑ы, ж.

Жан. да фарсуншчык.

фарсу́ха, ‑і, ДМ ‑сусе, ж.

Жан. да фарсун.

фарто́вы, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Такі, калі бывае ўдача; такі, якому бывае ўдача; удачлівы. Фартовы дзень. Фартовы паляўнічы.

2. Прыгожы. Марыся сапраўды фартовая дзяўчына. Бажко.

3. Спрытны, хвацкі, маладзецкі. Фартовы хлопец.

фарту́на, ‑ы, ж.

Кніжн.

1. Удача, поспех; шчаслівы лёс. Дземідзецкі адчуў, што фартуна, нарэшце, павярнулася да яго сваім тварам. Новікаў.

2. Уст. Багацце, маёмасць. Госці раз’ехаліся, і Казімір Рэклайціс, гаспадар бацькоўскай фартуны, стаў жыць адзін, праводзячы час з парабкамі. Пестрак.

[Лац. fortuna.]

фарту́х, ‑а, м.

1. Жаночая адзежа пэўнага крою, якую надзяваюць спераду на сукенку, спадніцу, каб не забрудзіць іх. Надзейка даўно сабрала на стол, пераадзелася ў выхадное плацце, падвязала свежы вышываны фартух. Хадкевіч. // Прадмет рабочага адзення з рознага матэрыялу (скуры, гумы, брызенту і інш.), які адзяваюць, каб засцерагчы вопратку ад забруджвання. Даяркі былі ў белых касынках і белых фартухах. Шамякін. Кучаравы шавец нацягнуў замусолены фартух і заўзята ўзяўся за работу. Няхай. Уладкаваўся [хлапец] у пякарні, далі яму там белы фартух і белы каўпак. Кулакоўскі.

2. Спец. Назва рознага роду покрывак, чахлоў і пад., якія прызначаюцца для машын, механізмаў, тэхнічных прыстасаванняў.

[Ням. Vortuch.]

фартухо́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да фартуха. Фартуховы матэрыял.

фартушо́к, ‑шка, м.

Памянш.-ласк. да фартух (у 1 знач.); невялікі фартух. Мы і дома пасабляем: Я падлогу падмятаю, Фартушок надзеўшы, Люда Мые ў тазіку пасуду. А. Александровіч.

фа́ртынг, ‑а, м.

Самая дробная англійская манета, роўная 1/4 пенса.

[Англ. farthing.]

фарты́сіма,

Спец.

1. прысл. Мацней, чым фортэ.

2. нескл., н. Месца ў музычным творы, якое выконваецца такім чынам, а таксама само такое выкананне.

[Іт. fortissimo.]