Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бу́тля, ж.

Вялікая бутэлька. Глынскі папрасіў гасцей садзіцца, а сам адамкнуў буфецік і дастаў ёмкую бутлю вішнёвай настойкі. Колас.

буто́н, ‑а, м.

Пупышка кветкі; кветка, якая яшчэ не распусцілася. Ты ведаеш апавяданне са школьнай хрэстаматыі, як хлопчык раскрываў пупышкі, бутоны кветак, каб яны хутчэй зацвілі на клумбе. Колас. Раптам Антосю кінуўся ў вочы цэлы рад яблынь, на якіх дзе-нідзе пачыналі раскрывацца ружовыя бутоны. Стаховіч.

[Фр. bouton.]

буту́з, ‑а, м.

Разм. Маленькі, тоўсценькі хлопчык; таўсматае дзіця. Чарнавокі бутуз, пачуўшы каманду, пацягнуў за вяровачку — і кучка палітончыкаў, выцягваючыся зноў у ланцужок, павольна пасунулася за сваім важаком. Ракітны.

бутыро́метр, ‑а, м.

Прыбор для вызначэння колькасці тлушчу ў малацэ.

[Грэч. bútyron — масла і metreo — вымяраю.]

бутэ́лечка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Памянш. да бутэлька; маленькая бутэлька; пляшачка. — Вось вы, таварыш начальнік, — сказаў.. [Мякіш], — гаворыце: горача. А каб яно, пане браце, у цяньку, ды з вудачкай, ды ўзяць бутэлечку з сабой... Брыль. [Віктар:] — Трэба ж было не здагадацца купіць бутэлечку чарніла. Даніленка.

бутэ́лечны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да бутэлькі. Бутэлечнае шкло. Бутэлечныя ярлыкі. Бутэлечны колер.

бутэ́ліца, ‑ы, ж.

Разм. Ласк. да бутэлька. З далёкіх вёсак прыязджаюць да.. [краўца] людзі не з пустымі рукамі, а з бутэліцаю самагону, каб мець прыемнасць выпіць яго ў кампаніі з Самабылем. Колас.

бутэ́лька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.

1. Шкляная пасудзіна для вадкасцей, звычайна цыліндрычнай формы з вузкім горлам. Пустая бутэлька. Бутэлька піва. □ Кума на просьбу паддаецца, За чарку тройчы ўжо бярэцца І толькі-толькі прыгубляе І чарку зноў не дапівае І руку цягне да бутэлькі. Колас. Паілі козліка малаком з бутэлькі, цераз соску. Брыль. // У значэнні: бутэлька віна, гарэлкі. Выпіць бутэльку. Прынесці бутэльку.

2. Руская мера вадкасцей, роўная 0,6 л, якой карысталіся да ўвядзення метрычнай сістэмы.

•••

Заглядаць у бутэльку гл. заглядаць.

Лезці ў бутэльку гл. лезці.

Паставіць бутэльку гл. паставіць.

бутэрбро́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Скібка хлеба з маслам, сырам, каўбасой і пад. На дарогу хлопцы ўзялі ў лагернай кухні па два бутэрброды. Якімовіч.

[Ням. Butterbrot.]

бутэрбро́дны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да бутэрброда, прызначаны для бутэрброда. Бутэрбродны маргарын.