Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

фармуля́р, ‑а, м.

1. У дарэвалюцыйнай Расіі — паслужны спіс, куды заносіліся звесткі аб праходжанні службы чыноўнікам.

2. Спец. Асобная кніга або бланк, куды адносяцца асноўныя звесткі аб стане, эксплуатацыі, рамонце і пад. якога‑н. механізма, збудавання. Фармуляр машыны.

3. Бібліятэчная картка, у якой адзначаюцца звесткі аб кнізе і аб карыстанні ёю чытачом.

[Ням. Formular ад лац. formula — форма.]

фармуля́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да фармуляра. Фармулярныя звесткі. Фармулярны спіс.

фарпо́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Перадавая ўмацаваная пазіцыя; умацаваны пост на граніцы. Ён [пагранічнік] пастаўлен на фарпосце, А за ім уся краса: хвоі ў шуме, кветкі ў росце І раса на каласах. Лужанін. // перан. Перадавы пункт, апора, пачатак чаго‑н. Мікола Хведаровіч прыйшоў у беларускую літаратуру ў самым пачатку 20‑х гадоў, калі наша краіна набліжалася да гістарычнага рубяжа свайго росквіту — першай пяцігодкі — і падрыхтавала трывалую эканамічную глебу для індустрыяльна-калгаснай магутнасці СССР — першага ў свеце фарпоста сацыялізма. Майхровіч.

[Ням. Vorposten.]

фарпо́ставы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да фарпоста. Фарпоставая служба.

фарс, ‑а, м.

1. Тэатральная п’еса лёгкага, жартаўлівага, часам фрывольнага зместу. Зусім няслушным з’яўляецца сцверджанне тых даследчыкаў, якія імкнуцца радаслоўную гогалеўскіх герояў шукаць не ў рускай рэчаіснасці, адкуль быў узяты сюжэт камедыі, а нібыта ў французскіх вадэвілях і фарсах, якія ставіліся тады ў рускіх тэатрах. «Полымя». Нельга адмаўляць таго, што ў фінале «Паўлінкі» скарыстаны элементы вадэвіля і фарса. Ярош. // Манера ігры акцёра, заснаваная на блазенстве, грубых жартах з мэтай выклікаць смех у гледачоў.

2. перан. Ганебнае, цынічнае відовішча. Судовы працэс над ім [Хойзерам] звялі да фарса. Новікаў. Супастаўляючы гэтыя працэсы, ён [Максім] зразумеў, што цяперашні працэс ёсць не што іншае, як пусты фарс для выратавання прыстойнасці панскага правасуддзя. Машара.

[Фр. farce.]

фа́рсавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да фарса. // Уласцівы фарсу; блазенскі. І рознага роду фарсавыя кепікі, «конікі», якія «выкідвае» дзед, не аслабляюць, а ўзмацняюць непаўторнасць яго аблічча. Усікаў.

фарса́ж, ‑у, м.

Спец. Паскарэнне, узмацненне якога‑н. працэсу. Фарсаж рухавіка.

фарсану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Разм. Аднакр. да фарсіць.

фарсі́раванасць, ‑і, ж.

Уласцівасць фарсіраванага. Гераізм народа, яго пакуты і выпрабаванні нельга паказаць пры дапамозе эмацыянальнай фарсіраванасці, ружовымі фарбамі. «Полымя».

фарсі́раванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. фарсіраваць.