пліта́, ‑ы, ДМ пліце; мн. пліты, пліт; ж.
1. Вялікі плоскі камень або кавалак металу і пад. з плоскай роўнай паверхняй. З цяжкіх гранітных пліт узняўся маўзалей. Танк. Прыстань шырокая, доўгая, роўная, прасторная, акуратна вылажана гладкімі каменнымі плітамі і заліта асфальтам, абсаджана двума радамі каштанаў. Колас. Рудзенькая дарожка да самага ганка была высыпана жоўтым пяском і выкладзена бетоннымі плітамі. Місько.
2. Кухонная печ з канфоркамі. — Хацелася б, сынок, каб і ты быў такі спагадлівы і уважлівы да людзей, — зазначыла маці і адышлася да пліты гатаваць снеданне. Пальчэўскі.
плі́тачны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да пліты (у 1 знач.). // Зроблены з пліт. Плітачная падлога. // Прыгатаваны ў форме плітак. Плітачны чай. Плітачны шакалад.
плі́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
1. Памянш. да пліта (у 1 знач.). Падлога з керамічных плітак. // Невялікі плоскі чатырохвугольны кавалак чаго‑н. Плітка шакаладу.
2. Памянш. да пліта (у 2 знач.); невялікая пліта. Кватэра яе парадавала. Даволі прасторны пакой, маленькая, але ўтульная кухня, дзе ўсё пад рукой: газавая плітка, беленькая ракавіна, бліскучы кран, павярнулі — палілася вада. Шамякін.
3. Электрычны награвальны прыбор для прыгатавання ежы. Святлана ўключыла плітку, паставіла грэць чай. Шахавец.
•••
Мятлахская плітка — керамічная плітка.
плітня́к, ‑у, м.
Вапняковая або пясчаная парода, якая лёгка раздзяляецца на пліты. Ён ледзь паспеў нацягаць плітняку і зрабіць у адным з куткоў яшчэ два невысокія муры. Караткевіч.
плітняко́вы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да плітняку. // Зроблены з плітняку.
плі́ца, ‑ы, ж.
1. Лопасць параходнага кола. Параход лапатаў пліцамі, часта прыставаў да крутога берага. Грахоўскі. Шлёпаюць па вадзе пліцы параходных колаў, дрыжыць ад празмернага намагання машыны палуба парахода, пеніцца за кармой вада. Сяргейчык.
2. Спец. Чарпак, пры дапамозе якога зліваюць ваду на судне.
плі́шчыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; незак.
Разм. Сілаю лезці куды‑н., праціскацца. — Куды плішчыцеся? — сярдзіта прамовіла .. [Натальцы] якаясь цётка. Колас. Кожны некуды плішчыўся і абавязкова з ручной паклажай. Лобан.
плі́шчыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.
Разм. Несці што‑н. з вялікім высілкам. Едзе Вася з перамогай На сярэбраным зубры Цераз цёмныя бары, Цераз поле, луг і гай, А за ім — вясёлы Зай, Пад губой стаіўшы смех, Ледзьве плішчыць поўны мех. Вітка. [Барыс] сам знайшоў нейкую дошку і, абхапіўшы рукамі, нібы мурашка, плішчыў яе на двор. Нядзведскі.
пліяцэ́н, ‑у, м.
Спец. Другая, апошняя эпоха неагенавага перыяду (сістэмы).
[Грэч. pléiōn — болей і kainós — новы.]