Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

фармалісты́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Пранікнуты фармалізмам (у 3 знач.). Фармалістычны падыход да справы.

2. Які мае адносіны да фармалізму, уласцівы фармалізму (у 1, 2 знач.). Захапленне імажынізмам было адным з праяўленняў некрытычнага ўспрымання фармалістычных уплываў. Гіст. бел. сав. літ. Цішка Гартны правільна адкідаў фармалістычныя элементы ў мастацкіх пошуках пралетарскіх паэтаў. Конан. // Створаны ў духу фармалізму (пра творы мастацтва). Фармалістычныя п’есы.

фармалі́сцкі, ‑ая, ‑ае.

Уласцівы фармалізму, фармалісту. Фармалісцкі аналіз. Фармалісцкі твор.

фармальдэгі́д, ‑у, М ‑дзе, м.

Бясколерны газ з рэзкім пахам, які выкарыстоўваецца ў вытворчасці пластмас, смол, лекавых рэчываў, у папяровай і тэкстыльнай прамысловасці.

[Ад лац. formica — мурашка і aldehydus — альдэгід.]

фарма́льна, прысл.

1. З захаваннем неабходных фармальнасцей. [Максім:] — Мне перайсці ў каталіцкую веру фармальна лёгка, — але ж я ўсёй сваёй істотай супроць любой рэлігіі. Машара. // Па фармальных прыкметах, афіцыйна. Самуйлёнак фармальна не быў членам партыі, але творы яго прасякнуты духам партыйнасці. «Маладосць».

2. Знешне. Булай прадставіў заводакіраўніцтву шырокі план па ўкараненню знойдзеных рэзерваў. Фармальна гэта выглядала правільным. Шыцік. // Не ўнікаючы ў сутнасць справы. Рэальная, узятая з жыцця сітуацыя сапраўды магла прывабіць аўтара і паслужыць канвой для цікавага апавядання, калі 6 пісьменнік не паставіўся да сваёй задачы фармальна. «Полымя».

фарма́льнасць, ‑і, ж.

1. Фармальныя адносіны да чаго‑н.; праяўленне фармалізму ў чым‑н. Максім ведаў гэтую хітрасць: захоўваць фармальнасць там, дзе можна было б абысціся без яе, і парушаць, дзе выгадна. Машара.

2. Тое, што адлюстроўвае прыняты парадак; тое, што робіцца па традыцыі і не мае істотнага значэння. У памяці Лабановіча засталася апошняя споведзь яшчэ ў а. Мікалая. Гэта была проста фармальнасць. Колас. Для фармальнасці натарыус праверыў пашпарты. Пальчэўскі.

3. звычайна мн. (фарма́льнасці, ‑ей). Знешнія патрабаванне ўмовы, якія выконваюцца пры афармленні чаго‑н. У міліцыі Івана Дамінікавіча ведалі і адразу ж справілі ўсе фармальнасці, звязаныя з яго далейшым бытаваннем у сталіцы. Лужанін. Васіль Пятровіч .. зайшоў да начальніка санпрапускніка, каб уладзіць фармальнасці і атрымаць даведку. Карпаў.

4. Уласцівасць фармальнага (у 5 знач.).

фарма́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да формы (у 3 знач.), абумоўлены формай. Фармальны пачатак у навуцы. Фармальная логіка.

2. Звязаны з формай (у 5 знач.). Можна было б яшчэ многа сказаць пра фармальныя асаблівасці «Безназоўнага». Бярозкін. З найбольшай выразнасцю выявілася .. [творчая манера М. Багдановіча] .. у фармальных пошуках паэта, у тых вершах, якімі ён рабіў класічныя традыцыі майстэрства сусветнай паэзіі здабыткам роднай літаратуры. Лойка. // Які падае галоўнае значэнне форме (у 5 знач.); фармалістычны. Фармальнае наватарства.

3. Зроблены па форме (у 7 знач.); афіцыйны, законны. Сурвіла, не чакаючы больш фармальнага дазволу, .. рушыў на двор ратушы. Чорны. [Клава:] — Ці зарэгістраваны ты? Калі не, дык гэта не страшна. Фармальнага поваду няма... Асіпенка. [Вэсман:] Калі яго [Азорыча] дзяўчына апазнае І дасць пры пэўных сведках паказанні, Што ён ёй перадаў якіясь весткі, Мы будзем мець фармальную прычыну Вініць палоннага ў шпіянажы. Глебка. // Напісаны па форме (пра які‑н. дакумент). [Рабочыя:] Фармальная папера, з подпісам, з пячаткай... Бяры ключы, пайшлі... Ты, дзед, скідаць паможаш рэйкі. Клімковіч.

4. Такі, дзе захавана толькі знешняя форма; які не паказвае сутнасці справы; бюракратычны. Дзерашу варожы фармальны падыход да справы. Арабей. // Які існуе толькі па форме, для выгляду. Фармальная самастойнасць. □ Веды бываюць розныя, фармальныя і глыбокія, самастойна вынашаныя. «Маладосць».

5. Звязаны з формай (у 11 знач.). Фармальнае значэнне слова.

фарма́нт, ‑а, М ‑нце, м.

Спец.

1. Тое, што і афікс.

2. Частка слова (прыстаўка, суфікс, інфікс), якая служыць для словаўтварэння і словазмянення.

[Ад лац. formans, formantis — які ўтварае, фарміруе.]

фарма́нта, ‑ы, ДМ ‑нце, ж.

Спец. Дадатковае адценне гуку, якое надае гучанню музычнага інструмента або голасу асаблівую афарбоўку — тэмбр.

[Ад лац. formans, formantis — які ўтварае, фарміруе.]

фарма́т, ‑у, М ‑маце, м.

1. Памер кнігі, аркуша, старонкі і пад. У яркім убранні калон, у кветках і сцягах выдзяляецца каласальнага фармату кніга, на якой ззяе: «Праграма КПСС». «Звязда». Падпольная «Звязда» была невялікага фармату, але затое з яе старонак веяла баявым, наступальным духам. Пятніцкі.

2. У друкарскай справе — даўжыня і вышыня паласы набору, даўжыня радка.

[Ад лац. forma.]

фарматво́рны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і формаўтваральны.