Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

метадалагі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да метадалогіі. Ленінская тэорыя адлюстравання — метадалагічная аснова перадавога мастацтва. Івашын.

метадало́гія, ‑і, ж.

Вучэнне аб метадзе навуковага даследавання. Катэгорыя формы і зместу вельмі складаная агульнафіласофская праблема, правільнае вырашэнне якой з’яўляецца неабходнай умовай навуковай метадалогіі і тэорыі творчасці. «Беларусь».

[Ад грэч. methodos — метад і logos — вучэнне.]

метадо́лаг, ‑а, м.

Спецыяліст у галіне метадалогіі.

метады́зм, ‑у, м.

Рэлігійная англа-амерыканская сектанцкая плынь, якая аддзялілася ў першай чвэрці 18 ст. ад англіканскай царквы.

метады́ст 1, ‑а, М ‑сце, м.

Спецыяліст па методыцы выкладання якога‑н. прадмета.

метады́ст 2, ‑а, М ‑сце, м.

Прыхільнік метадызму.

метады́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да метадыст ​1.

метады́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць метадычнага; строгая паслядоўнасць. Васіль Малюк зноў адчыніў топку і з нейкай упартай метадычнасцю пачаў кідаць у яе ненажэрнае чэрава паліва. Васілёнак.

метады́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да методыкі. Метадычны кабінет. □ Асноўны метадычны прынцып на ўроку, як і раней, франтальная работа з класам. Барсток.

2. Планамерны, строга паслядоўны. Аднекуль даляталі ўпартыя і метадычныя ўдары молата па жалезе. Карпаў.

мета́л, ‑у, м.

Хімічна простае рэчыва або сплаў, якім уласцівы бляск, коўкасць, добрая праводнасць цеплыні і электрычнасці. Лёгкія металы. □ Халаднаваты метал быў пакрыты васковай плёнкай тавоту. Паслядовіч. Метал, здавалася, сам знаходзіў літнік, каб папасці і забегчы ў форму. Скрыган. // Пра гукі, голас, якія нагадваюць металічны звон. Смелы, магутны, з металу скованы голас аэраплана залятае ў дзедаву хату. Колас.

•••

Высакародныя металы — золата, серабро, плаціна.

Каляровыя металы — усе металы і іх сплавы, акрамя жалеза і яго сплаваў.

Невысакародныя металы — металы, якія акісляюцца, ржавеюць.

Цяжкія металы — металы з удзельнай вагой звыш 5 грамаў.

Чорныя металы — чыгун, жалеза, сталь.

[Грэч. metallon.]

метала...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «метал», напрыклад: металаплавільны, металарэзны, металалом, металахімічны.