Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

спарты́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да спорту, звязаны з ім. Спартыўнае спаборніцтва. Спартыўныя гульні. □ Сёння мы слухалі пытанне аб пастаноўцы спартыўнай работы ў калгасах раёна. Пянкрат. // Прызначаны для заняткаў спортам. Спартыўная пляцоўка. Спартыўная форма. □ Скуратаў быў ужо не ў белым гарнітуры, а ў шэрым спартыўным касцюме. Шашкоў. Пры клубе павінна быць і спартыўная зала. Лыжы, гарнітуры, валейбольная сетка, мячы. Ваданосаў.

2. Разм. Які мае якасці, знешні выгляд спартсмена. Спартыўны хлопец.

спа́рынг, ‑у, м.

Трэніровачны бой баксёраў перад спаборніцтвам; вольны бой.

[Англ. sparring.]

спарыння́, ‑і, ж.

Паразітны грыб, што выклікае хваробу злакавых раслін, пры якой у каласах жыта, пшаніцы, ячменю замест зерня ўтвараюцца чорныя ражкі. [Санька] знайшоў на паласе нейкі чорны пылок і сказаў, што гэта расце спарыння, вялікі шкоднік збажыны, што яе трэба знішчаць. Ваданосаў.

спа́рыцца 1, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.

Разм. Аб’яднацца ў пару для сумеснай працы, дзеянняў.

спа́рыцца 2, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.

1. Разм. Спацець, угрэцца. [Мохарт:] — Ідзі ў шынялі, бо ў куртцы спарышся. Вазьмі аўтамат. Алешка.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Закіпець (пра малако).

спа́рыць 1, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., каго-што.

Аб’яднаць у пару для сумеснай работы, дзеянняў. А тут Мохава спарылі з Гузоўскім, нядрэнна будуць працаваць. Шынклер.

спа́рыць 2, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., што.

1. Зварыць, утушыць у закрытым посудзе. Спарыць рэпу. □ [Дзед:] — Парсюкам бульбу пасекчы трэба. Марыля спарыла. Караткевіч.

2. Закіпяціць (малако). Спарыць малако.

3. Пашкодзіць хамутом, падсядзёлкам. Спарыць спіну каню.

спары́ш 1, ‑а, м.

Два спараныя прадметы (пра плады, расліны і пад., якія зрасліся). Бараноўскі з жонкаю апынуўся пад хвойкаю-спарышом. Гурскі. Два каласы, што выраслі на адной сцябліне, называюць спарышамі. «Полымя». // Два гліняныя гаршчочкі, злучаныя агульнай ручкай, у якіх бралі яду на поле. Лыска нясе за матузок торбачку з хлебам, а Кірык — спарышы з гарачай стравай. Пальчэўскі. У адной руцэ спарышы — снеданне дзеду. У другой — пучок вярбы. Лынькоў.

спары́ш 2, ‑у, м.

Аднагадовая расліна сямейства драсёнавых, якая расце каля дарог, добра паядаецца жывёлай і птушкамі. За хатаю быў агарод, а перад хатаю да самага гасцінца (крокаў з трыццаць) буяў спарыш і трыпутнік. Чорны.

спары́шнік, ‑у, м.

Тое, што і спарыш ​2. [Вучні] выраўнялі .. [пляцоўку] як належыць і пасеялі на ёй насенне спарышніку. Дубоўка.

спас 1, ‑у, м.

У выразе: спасу няма — тое, што і ратунку няма (гл. няма). Я ўпаў. Вось тут на мяне і ўссела зграя раз’юшаных вясковых сабак і давай калашмаціць.. Бачу, няма спасу, пабег, а яны за мною. Сяргейчык.

спас 2, ‑а, м.

Разм.

1. Збавіцель; адна з назваў Хрыста. // Абраз з вобразам Хрыста. Памаліўся [Клопікаў] перад пазелянелым спасам — госпадзі, блаславі на новую жытку! — і .. патупаў цераз вуліцу. Лынькоў. // Царква ў імя Хрыста-збавіцеля. Спас Нярэдзіцкі.

2. Назва кожнага з трох асенніх царкоўных свят. Спас першы — мядовы; другі — яблычны; трэці — палатняны. □ [Нікіпар] любіць святкаваць. Таму не абміне ні дзяды, ні коляды, ні радаўніцу, ні спас. Сіпакоў.

спасава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак.

1. У картачнай гульні — аб’явіць пас.

2. Адступіць перад цяжкасцямі; адмовіцца ад намаганняў зрабіць што‑н. Так я быццам і хлопец смелы, нічога не баяўся, а тут спасаваў. Сачанка. Якім не спасаваў, не напужаўся, а стаў адкрыта крытыкаваць Рыгора Карачонка за п’янства, за паблажлівасць да гультаёў, за дрэнныя парадкі ў брыгадзе. Дуброўскі.

спа́саўка, ‑і, ДМ ‑саўцы, ж.

Разм.

1. Пост перад спасам, царкоўным святам, якое адзначалася ў жніўні. [Бародзіч:] — Некаторага году ў спасаўку выйшлі грыбоў паглядзець. Чорны.

2. Сорт груш, якія паспяваюць к спасу. А ноччу скокні цераз падаконнік — і збірай у садзе спелыя салодкія спасаўкі. Васілевіч.