спас 1, ‑у, м.

У выразе: спасу няма — тое, што і ратунку няма (гл. няма). Я ўпаў. Вось тут на мяне і ўссела зграя раз’юшаных вясковых сабак і давай калашмаціць.. Бачу, няма спасу, пабег, а яны за мною. Сяргейчык.

спас 2, ‑а, м.

Разм.

1. Збавіцель; адна з назваў Хрыста. // Абраз з вобразам Хрыста. Памаліўся [Клопікаў] перад пазелянелым спасам — госпадзі, блаславі на новую жытку! — і .. патупаў цераз вуліцу. Лынькоў. // Царква ў імя Хрыста-збавіцеля. Спас Нярэдзіцкі.

2. Назва кожнага з трох асенніх царкоўных свят. Спас першы — мядовы; другі — яблычны; трэці — палатняны. ▪ [Нікіпар] любіць святкаваць. Таму не абміне ні дзяды, ні коляды, ні радаўніцу, ні спас. Сіпакоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)