Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прыгажо́сць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць прыгожага. Андрэй Міхайлавіч загледзеўся, захоплены невыказнай прыгажосцю вечара, яго моцнымі і яркімі фарбамі. Самуйлёнак. Зіхатлівая прыгажосць гэтай дзяўчыны і незвычайная яе адвага ў гэтым іх болей чым складаным становішчы збівалі .. [Івана] з тропу. Быкаў. Люблю я ў футболе юнацкую сілу. Дакладнасць удараў, атак прыгажосць. Панчанка.

2. Што‑н. прыгожае, чароўнае; хараство. Ёсць асаблівая прыгажосць у полі, калі яно ўжо не шасціць калоссем, але яшчэ не зусім апусцела, бо бабкі стаяць у рады на кожнай паласе, нібы вартавыя. Чарнышэвіч. — Прыгажосць якая, толькі зірні! — Пятро паказаў на раку, што бруілася серабрыстымі пералівамі ўздоўж усёй Набярэжнай вуліцы, на зарэчны луг, застаўлены стагамі, на далёкуюсінюю сцяну лесу. Капусцін. // Прыгожае (агульнае паняцце). Логіка прыгажосці. Паняцце прыгажосці.

3. Прыгожы знешні выгляд. Кожны стараўся сказаць.. [Тамары Аляксееўне] самы прыемны панямонскі камплімент, а калі ў кага не знаходзілася такога, то хоць адказнаю і таксама прыемнаю ўсмешкаю выказаць сваё захапленне яе прыгажосцю. Колас. Я вырэзваў з дрэва пеналы, скрыначкі, накрываў іх лакам, пасля чаго наводзіў прыгажосць разьбой. Бядуля.

4. Прыгажуня. Дакраніся да мяне, прыгажосць, дакраніся, То ж нічога, што сівее галава. Чарнушэвіч.

5. толькі мн. (прыгажо́сці, ‑ей). Прыгожыя мясціны; тое, што робіць уражанне сваім прыгожым выглядам. І ўсе прыгажосці Радзімы На памяць у сэрцы збярог. Кірэенка.

6. у знач. выкл. Разм. Выказвае захапленне, адабрэнне і пад. — Эх, прыгажосць! — ускрыкнуў Максім. Брыль. Хто плошчаю ішоў, звяртаў на дом увагу: Чысцюткі, светлы — прыгажосць! Корбан.

•••

Ва ўсёй сваёй прыгажосці — а) ва ўсім сваім харастве, багацці; б) (іран.) у сапраўдным выглядзе, з усімі недахопамі.

прыгажу́н, ‑а, м.

1. Прыгожы мужчына. Невядома адкуль прыблукаў у нашу вёску Сашка Трой. Чорны, як смоль, прыгажун і весяльчак. Пянкрат. [Сатараў] выдатнік вучобы і паэт, жыццярадасны і дасціпны прыгажун, высокі і тонкі, як чарацінка. Лось.

2. Аб кім‑, чым‑н. прыгожым. Па падаконніку апынуўся чырвоны, як полымя, прыгажун-певень. Шамякін. Стаенны прыгажун захроп, шырока растапырыўшы ноздры, павёў вушамі і пачаў грабці нагою зямлю. Кулакоўскі. Стаіць такі прыгажун [паравоз] ля дэпо, калёсы высокія, чырвоныя, не раўнуючы, як ногі ў бусла балотнага. Лынькоў.

•••

Пісаны прыгажун — вельмі прыгожы, такі, як на малюнку.

прыгажу́ня, ‑і, ж.

1. Прыгожая жанчына. Сама Таня, стройная прыгажуня, сядзела за сваім сталом, бразгаючы лічыльнікамі і зрэдку прыслухоўваючыся да размоў. Лупсякоў. Насця Рагіна карысталася славай прыгажуні на ўвесь сельсавет. Шамякін. // Разм. У звароце да жанчыны або дзяўчыны. Сядзіць у малым пакойчыку дзяўчына з русымі косамі. Загледзеўся Іван на яе. — Хто ты будзеш, прыгажуня? — пытаецца. Якімовіч.

2. Аб кім‑, чым‑н. прыгожым. Пад паплаўком, у тым таямнічым падводным царстве, куды патанула прынада, прачнулася ўжо далікатная прыгажуня плотка. Брыль. Я спяваў аб роднай пушчы, Аб ялінах-прыгажунях, А згадаў ён пальмаў засень, Сцежкі тыгравыя ў джунглях. Гілевіч.

•••

Пісаная прыгажуня — вельмі прыгожая, такая, як на малюнку.

прыгажэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; незак.

Станавіцца прыгожым, прыгажэйшым. Хачу, Каб раслі зноў і сосны і клёны І край прыгажэў мой штогод. Прыходзька. — І чаго ты такі сур’ёзны выгляд робіш, — жартавала з.. [Тані] Ніна .. Усміхніся лепш — зусім іншай станеш. Таня не вытрымлівала, усміхалася і сапраўды прыгажэла. Шахавец.

прыгаі́цца, ‑гоіцца; зак.

Разм. Загаіцца няпоўнасцю, трохі; падгаіцца. Шчыміць барада, дзе [Леанід] збіў скуру. Памацаць пальцамі, — здаецца, прыгаілася. Але ж не паказвацца такому ноччу ў хату. Пташнікаў.

прыгаі́ць, ‑гаю, ‑гоіш, ‑гоіць; зак., што.

Разм. Загаіць няпоўнасцю, трохі; падгаіць. Прыгаіць раны.

прыгало́ўе, ‑я, н.

Месца на пасцелі, ложку, куды кладуцца галавой; узгалоўе.

прыгалу́біць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; зак., каго.

Нар.-паэт. Прылашчыць. Маці, баючыся раззлаваць бацьку ці не патрапіць яму, не адважваецца нават прыгалубіць.. [Лёдзю], а калі і галубіць, дык употай. Карпаў. Праўда, Пецю.. [айчым] ніколі не прыгалубіў, як бацька, не цікавіўся яго справамі, але і не быў грубы з ім у абыходжанні. Няхай.

прыгалу́блены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прыгалубіць.

прыгалу́бліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прыгалубіць.