прыгажосць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць прыгожага. Андрэй Міхайлавіч загледзеўся, захоплены невыказнай прыгажосцю вечара, яго моцнымі і яркімі фарбамі. Самуйлёнак. Зіхатлівая прыгажосць гэтай дзяўчыны і незвычайная яе адвага ў гэтым іх болей чым складаным становішчы збівалі .. [Івана] з тропу. Быкаў. Люблю я ў футболе юнацкую сілу. Дакладнасць удараў, атак прыгажосць. Панчанка.
2. Што‑н. прыгожае, чароўнае; хараство. Ёсць асаблівая прыгажосць у полі, калі яно ўжо не шасціць калоссем, але яшчэ не зусім апусцела, бо бабкі стаяць у рады на кожнай паласе, нібы вартавыя. Чарнышэвіч. — Прыгажосць якая, толькі зірні! — Пятро паказаў на раку, што бруілася серабрыстымі пералівамі ўздоўж усёй Набярэжнай вуліцы, на зарэчны луг, застаўлены стагамі, на далёкуюсінюю сцяну лесу. Капусцін. // Прыгожае (агульнае паняцце). Логіка прыгажосці. Паняцце прыгажосці.
3. Прыгожы знешні выгляд. Кожны стараўся сказаць.. [Тамары Аляксееўне] самы прыемны панямонскі камплімент, а калі ў кага не знаходзілася такога, то хоць адказнаю і таксама прыемнаю ўсмешкаю выказаць сваё захапленне яе прыгажосцю. Колас. Я вырэзваў з дрэва пеналы, скрыначкі, накрываў іх лакам, пасля чаго наводзіў прыгажосць разьбой. Бядуля.
4. Прыгажуня. Дакраніся да мяне, прыгажосць, дакраніся, То ж нічога, што сівее галава. Чарнушэвіч.
5. толькі мн. (прыгажосці, ‑ей). Прыгожыя мясціны; тое, што робіць уражанне сваім прыгожым выглядам. І ўсе прыгажосці Радзімы На памяць у сэрцы збярог. Кірэенка.
6. у знач. выкл. Разм. Выказвае захапленне, адабрэнне і пад. — Эх, прыгажосць! — ускрыкнуў Максім. Брыль. Хто плошчаю ішоў, звяртаў на дом увагу: Чысцюткі, светлы — прыгажосць! Корбан.
•••
Ва ўсёй сваёй прыгажосці — а) ва ўсім сваім харастве, багацці; б) (іран.) у сапраўдным выглядзе, з усімі недахопамі.