прыгажу́н, ‑а, м.
1. Прыгожы мужчына. Невядома адкуль прыблукаў у нашу вёску Сашка Трой. Чорны, як смоль, прыгажун і весяльчак. Пянкрат. [Сатараў] выдатнік вучобы і паэт, жыццярадасны і дасціпны прыгажун, высокі і тонкі, як чарацінка. Лось.
2. Аб кім‑, чым‑н. прыгожым. Па падаконніку апынуўся чырвоны, як полымя, прыгажун-певень. Шамякін. Стаенны прыгажун захроп, шырока растапырыўшы ноздры, павёў вушамі і пачаў грабці нагою зямлю. Кулакоўскі. Стаіць такі прыгажун [паравоз] ля дэпо, калёсы высокія, чырвоныя, не раўнуючы, як ногі ў бусла балотнага. Лынькоў.
•••
Пісаны прыгажун — вельмі прыгожы, такі, як на малюнку.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)