бурклі́васць, ‑і, ж.
Уласцівасць бурклівага. Да частай бурклівасці мужа.. [Параска] прывыкла, але прапусціць міма вушэй яго словы аб дачцэ азначала б няўвагу, абыякавасць, а з-за гэтага Антось яшчэ больш разбурчаўся б. Хадкевіч.
бурклі́вы, ‑ая, ‑ае.
Які любіць бурчаць, выказваць нездаволенасць. [Хурс] прыстаў у прымы да паўпанскага фальварковага пакідзішча — да старой паненкі — худой, касцістай і бурклівай ведзьмы. Чорны. // Які вызначаецца нездаволенасцю, раздражненнем. Бурклівы голас, тон.
бу́ркнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак. і аднакр., што і без дап.
Невыразна, з адценнем незадаволенасці сказаць што‑н. Адна старая сялянка не выцерпела — буркнула: — Пану цівуну варон страляць, а нам спіны гнуць! Бядуля. [Глушкевіч] хацеў загаварыць з ёю, але жанчына нешта буркнула ў адказ, і нельга было зразумець, ці то яна павіталася так, ці выказала незадаволенасць. Дуброўскі.
бурку́н, ‑а, м.
Разм. Бурклівы чалавек. Чаго граха таіць, трапляюцца яшчэ ў нас дзе-нідзе людзі, якія любяць марна балбатаць, аматары без усякай дай-прычыны ўступаць у спрэчкі, гэтакія буркуны, што ўсім незадаволены, усё бачаць у самым змрочным святле. Краўчанка.
бурку́ха, ‑і, ДМ ‑кусе, ж.
Разм. Жан. да буркун.
бурла́к, ‑а, м.
Даўней — рабочы, які ў арцелі цягнуў паўз бераг супраць цячэння судны.
бурла́цкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да бурлакоў. Бурлацкая арцель. Бурлацкае жыццё.
бурла́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.
Займацца бурлацкім промыслам, працаваць бурлаком.
бурле́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. бурліць.