цяжкавыхо́ўны, ‑ая, ‑ае.
Які з цяжкасцю паддаецца выхаванню; цяжкі для выхавання. Цяжкавыхоўныя вучні.
цяжкагру́зны, ‑ая, ‑ае.
Прызначаны для транспарціроўкі цяжкіх грузаў. Цяжкагрузныя судны.
цяжкадасту́пны, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, да якога цяжка даступіцца; непраходны. Цяжкадаступныя горы. Цяжкадаступная пустыня.
2. Цяжкі для разумення, вывучэння. Цяжкадаступны стыль.
цяжкаду́м, ‑а, м.
Тое, што і тугадум. [Ганна Сымонаўна:] — Апрача таго,.. [Лазук] цяжкадум. У ягоным розуме няма гнуткасці, няма здольнасці «на хаду», у залежнасць ад новых сітуацый, змяняць кірунак сваіх думак. Дубоўка.
цяжкапара́нены, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і цяжкаранены.
цяжкапрахо́дны, ‑ая, ‑ае.
Такі, па якім або праз які цяжка прайсці. Цяжкапраходнае балота. Цяжкапраходны лес.
цяжкара́нены, ‑ая, ‑ае.
Які атрымаў сур’ёзную, цяжкую рану, раненне. Цяжкараненыя салдаты. / у знач. наз. цяжкара́нены, ‑ага, м. Загулі зноў маторы, І павёз самалёт Цяжкараненых, хворых І маленькіх сірот. Смагаровіч. Дзед Васіль і Лёнька прывезлі чатырох цяжкараненых, якіх вылавілі ў вадзе. Няхай.
цяжкараствара́льны, ‑ая, ‑ае.
Які марудна, дрэнна раствараецца. Цяжкарастваральныя солі. Цяжкарастваральныя злучэнні.
ця́жкасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць цяжкага. Сталы наўкруг, Застаўленыя шчыльна, Згіналіся пад цяжкасцю дароў. Броўка.
2. звычайна мн. (ця́жкасці, ‑ей). Тое, што замінае, перашкаджае ў дасягненні мэты, патрабуе вялікіх намаганняў і сіл; перашкоды, складанасці. Лодку перацягнулі цераз дарогу каля моста без асаблівай цяжкасці. Брыль. [Сакратар райкома], не спяшаючыся, пачаў .. [Зіне] расказваць пра цяжкасці, якія яе сустрэнуць на будоўлі, пра тое, што там яшчэ голае месца і рабіць прыйдзецца ўсё сваімі рукамі. Грахоўскі.
3. Непрыемнае адчуванне чаго‑н. цяжкага (у галаве, грудзях, страўніку). [Костусь] не ведаў, куды яму пайсці цяпер: спаць яму не хацелася. Але ў галаве была цяжкасць ад дзённай утомы. Чорны. // Змрочны, непрыемны настрой, стан. Думы, роздумы, меркаванні і здагадкі адбілі Багдану сон, ахуталі прыкрай цяжкасцю душу. Кулакоўскі.
•••
Без цяжкасці — лёгка, без намаганняў.
З цяжкасцю — з вялікімі намаганнямі, ледзь-ледзь.
цяжкахво́ры, ‑ая, ‑ае.
Які цяжка хварэе. Супрун абслугоўваў цяжкахворых палітвязняў, што знаходзіліся ў ізалятарах. Машара. / у знач. наз. цяжкахво́ры, ‑ага, м.; цяжкахво́рая, ‑ай, ж. Наведаць цяжкахворага.