це́рніца, ‑ы, ж.
Прылада, якой труць лён, каноплі. У дварах пылілі церніцы, грызучы перасохлы лён. Чорны. І Андрэй без жалю ламаў і трушчыў церніцай лён, выціраў кастрыцу і клаў у кучу бліскучыя белыя палойкі. Чарнышэвіч.
це́рпкі, ‑ая, ‑ае.
Кіславата-даўкі. Церпкія ягады. Церпкае віно. □ Квас летні, церпкі, падкіслены падгарэлымі хлебнымі скарынкамі, а конаўка медная. Навуменка. Неяк адразу пацяжэлі ад церпкага крывянога соку гронкі каліны. Паслядовіч. — Прысядзь і выпі кубак, брат! Мо’ церпкай здасца гэта брага. Я сам садзіў свой вінаград, Я знаю вартасць спелых ягад. Танк. / Пра пах. Налібока, Налібока... Мімаволі шырыш вока: Цёмна ў засені прытоенай, Церпкім водарам настоенай. Кірэенка. Коля сышоў са сцежкі, наламаў вялізны букет, прыпаў да яго тварам і на поўныя грудзі ўдыхаў церпкі водар. Жычка. Церпкі водар імху казытаў у носе. Пестрак.
церусі́цца, цярусіцца; незак.
Разм. Тое, што і церушыцца. Ціхі іней цярусіцца з белых бяроз. Куляшоў. Тытунь, нібы знарок, церусіцца ў непаслухмяных пальцах. Мележ. На галінах асядалі, разбураліся зоркі сняжынак, і на дол павольна церусіўся снег, рэдкі, лёгкі. Шамякін.
церусі́ць, церушу, цярусіш, цярусіць; незак.
Разм. Тое, што і церушыць. Пачынаў церусіць дробны дожджык. Гартны. Церусіў дробны асенні дожджык, далеч была заслана імгою, дзьмуў пранізлівы халодны вецер. Сачанка. Лета мінула, І ліст пажаўцелы Восень цярусіць на дол. Васілёк.
церушы́цца, цярушыцца; незак.
1. Не густа сыпацца, рассыпацца. Ну і пайшла ж весялуха, аж захісталася Язэпішына хата і скрозь шчыліны ў столі пачала церушыцца кастрыца. Сяркоў. Іголкі на .. [соснах] былі дробныя, растапыраныя; жаўцелі і церушыліся на мох. Пташнікаў.
2. Ісці (пра дробны снег, дождж); імжэць. Снег ужо не падаў, як раней, а церушыўся дробным, калючым пылам. Асіпенка. / у вобразным ужыв. Цярушыцца сцежкай імглістай Сутоннага змроку парча. А. Александровіч.
церушы́ць, церушу, цярушыш, цярушыць; незак.
1. што. Пераціраць, здрабняць што‑н. сухое. Васіліне не трэба было церушыць на далоні каласы і браць зерне на зуб, яна вокам вызначыла ступень спеласці збожжа. Хадкевіч. Васіль узяў жменьку трасты, пачаў церушыць: пасыпалася кастрыца, агаляючы тоўстыя, цемнаватага колеру валокны. Савіцкі.
2. што і чым. Прымушаць што‑н. сыпацца, падаць. Стаяла восень: вецер, пранізлівы і калючы, церушыў пажоўклае лісце бяроз, вольхі, асін, усцілаў гм дарогу. Сіўцоў. [Шыковіч] доўга ўглядаўся ў лісце дуба. У яго гушчары шасталі, церушылі мохам нейкія птушкі. Шамякін.
3. Ісці (пра дробны снег, дождж); імжэць. Неба сеяла цяпло, Цёплы дожджык церушыў. Купала. З шэрага перадранішняга неба церушыў лёгкі сняжок. В. Вольскі. / у вобразным ужыв. На чысты дол Пілы гнуткія цярушаць Пілавіння жоўты дождж. Панчанка.
церушэ́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. церушыць.
це́рці, тру, трэш, трэ; тром, траце; пр. цёр, церла; заг. тры; незак., каго-што.
1. Націскаючы, вадзіць узад і ўперад па паверхні чаго‑н. [Зося] трэ па гарачай скаварадзе подмазкай, ад чаго скаварада шыпіць, і ад яе ідзе пахучы сіняваты дымок. Крапіва. Неўзабаве ў хату ўвайшла бабка і стала церці застылыя рукі. С. Александровіч. Антанюк узброіўся нажом, закасаў рукавы пінжака і скроб абсмаленую тушу, цёр мокрай саломай. Шамякін. // Водзячы ўзад і ўперад чым‑н. або па чым‑н., ачышчаць, мыць, надаваць бляск і пад. У святочныя дні дзед .. яшчэ важней цёр мелам свае медалі і, навесіўшы іх на грудзі, урачыста ішоў на станцыю. Лынькоў.
2. Размінаючы, націскаючы, змешваць, ператвараць у парашок, у дробную аднародную масу. Церці тытунь. □ [Стэфа] церла мак, рашчыніла цеста на бліны. Арабей.
3. і без дап. Будучы цесным, нязручным, выклікаць боль, пашкоджваць скуру. Чаравікі труць. □ І пакуль вылечыўся, [Вялічка] не мог насіць ботаў, халява церла яму хворую нагу. Чорны.
4. Пераціраць, рабіць мякчэйшым. У Малінаўцы лён церлі талакой. Чарнышэвіч. Жанчыны, на хаду падвязваючы фартухі, па адной і чародкамі беглі паўз Ярыніну хату ў сушню церці і трапаць лён. Бажко.
це́рціся, труся, трэшся, трэцца; тромся, трацеся; пр. цёрся, церлася; заг. трыся; незак.
1. Церці сябе, сваё цела чым‑н.; націрацца. Церціся мачалкай.
2. Хістаючыся, дакранацца да паверхні іншага прадмета. Аб сцяну крайняй хаты церліся галіны сосен і елак. Пестрак. Чаўны церліся аб сцёблы чароту. Няхай. // Дакранацца чым‑н. да чаго‑н., выказваючы якія‑н. пачуцці (ласку, радасць, вернасць і пад.). Дзяўчына ўсё гарнулася да .. [Іванавых] грудзей і сваёй гарачай аксамітнай шчакой церлася аб яго рассечанае асколкам плячо. Быкаў. З-за пліты паказалася кацянё. Падняўшы старчком хвост і пазіраючы ўверх на Валю, яно замяўкала, нечага просячы, і пачало церціся аб Валіну нагу. Карпаў.
3. Разм. Быць, знаходзіцца каля каго‑н., дзе‑н. (звычайна з карысцю для сябе). Дзякуй Максіму з Андрэем, каля іх труся, розуму набіраюся. Машара. Вуды надоечы там жа, на Сожы, пааддаваў суседнім хлапчуком, якія апошнімі днямі, ведаючы пра мой ад’езд, настойліва церліся ля мяне і маіх вуд. Карамазаў. Тое, што цяпер Халахцей па некалькі разоў на дні ўзыходзіў на высокі ганак школы, цёрся ў асяроддзі настаўнікаў, распісваўся ў школьных ведамасцях, давала яму падставу лічыць сябе прадстаўніком вясковай інтэлігенцыі. Ракітны.
•••
Церці дні — марна траціць час.