церці, тру, трэш, трэ; тром, траце; пр. цёр, церла; заг. тры; незак., каго-што.
1. Націскаючы, вадзіць узад і ўперад па паверхні чаго‑н. [Зося] трэ па гарачай скаварадзе подмазкай, ад чаго скаварада шыпіць, і ад яе ідзе пахучы сіняваты дымок. Крапіва. Неўзабаве ў хату ўвайшла бабка і стала церці застылыя рукі. С. Александровіч. Антанюк узброіўся нажом, закасаў рукавы пінжака і скроб абсмаленую тушу, цёр мокрай саломай. Шамякін. // Водзячы ўзад і ўперад чым‑н. або па чым‑н., ачышчаць, мыць, надаваць бляск і пад. У святочныя дні дзед .. яшчэ важней цёр мелам свае медалі і, навесіўшы іх на грудзі, урачыста ішоў на станцыю. Лынькоў.
2. Размінаючы, націскаючы, змешваць, ператвараць у парашок, у дробную аднародную масу. Церці тытунь. ▪ [Стэфа] церла мак, рашчыніла цеста на бліны. Арабей.
3. і без дап. Будучы цесным, нязручным, выклікаць боль, пашкоджваць скуру. Чаравікі труць. ▪ І пакуль вылечыўся, [Вялічка] не мог насіць ботаў, халява церла яму хворую нагу. Чорны.
4. Пераціраць, рабіць мякчэйшым. У Малінаўцы лён церлі талакой. Чарнышэвіч. Жанчыны, на хаду падвязваючы фартухі, па адной і чародкамі беглі паўз Ярыніну хату ў сушню церці і трапаць лён. Бажко.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)