Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

це́мень, ‑і, ж.

Густая цемната (у 1 знач.). У прамежках між хатамі, дзе не свецяць вокны, цемень, як дзёгаць. Навуменка. Твар.. [жанчыны] у цемені цяжка было разглядзець. Колас. // чаго. Цёмная, дрэнна асветленая прастора. [Астаповіч] адамкнуў млын, і ўвайшоў у цемень гэтых сцен, так добра яму знаёмых за многа год. Чорны.

це́мечка, ‑а, н.

Разм. Памянш.-ласк. да цемя.

цемна... (гл. цёмна...).

Першая састаўная частка складаных слоў; ужываецца замест «цёмна...», калі націск у другой частцы падае на першы склад, напрыклад: цемнабровы, цемнатвары, цемнагрывы.

цемнабро́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае цёмныя бровы.

цемнава́та,

1. Прысл. да цемнаваты.

2. безас. у знач. вык. Пра няпоўную цемнату дзе‑н. У гумне было досыць свежа і цемнавата, хоць з-пад шчыта сюды ўрываліся косы вясенняга сонца, а праз няшчыльна зложаныя сцены свіцілася яснае неба. Колас. У хаце было цемнавата. Асіпенка.

цемнава́ты, ‑ая, ‑ае.

Няпоўнасцю, не зусім цёмны (у 1, 2 знач.). За дзвярыма, на шырокім і ўжо цемнаватым калідоры, на хаду дзяўчына выняла з кішэнькі фартуха хустачку і прылажыла яе, раз і другі, да вачэй. Брыль. Доўга я глядзеў на цемнаваты абадок вакол ствала на бярозе, мацаў яго рукамі. Мыслівец.

цемнаво́кі, ‑ая, ‑ае.

Які мае цёмныя вочы.

цемнако́лерны, ‑ая, ‑ае.

Цёмнага колеру.

цемналі́сты, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і цёмналісцёвы.

цемнаску́ры, ‑ая, ‑ае.

Які мае цёмны колер скуры. Цемнаскурыя плямёны Афрыкі.