Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

факто́граф, ‑а, м.

Той, хто апісвае факты, не аналізуючы іх. Нават пры апісанні рэальнага выпадку пісьменнікі не застаюцца простымі фактографамі. Пшыркоў.

факто́рыя, ‑і, ж.

1. Гандлёвая кантора і пасяленне еўрапейскіх купцоў у каланіяльных краінах. Засталіся руіны рымскіх крэпасцей і грэчаскіх факторый, астаткі старадаўніх паселішчаў. Самуйлёнак.

2. Пункт, які займаецца закупам прадметаў промыслу і гандлем у аддаленых прамысловых раёнах. Факторыя — гэта вялікі магазін, куды паляўнічыя прывозяць пушніну і дзе атрымліваюць за яе розныя тавары і грошы. Бяганская.

[Англ. factory.]

факту́ра 1, ‑ы, ж.

Спец.

1. Своеасаблівая якасць апрацоўкі матэрыялу, яго паверхні. Фактура мармуру. Фактура сукна. □ Сучасная тэхналогія дае магчымасць вырабляць керамічныя дэталі самых розных памераў, рознага колеру, рознай фактуры. «Маладосць».

2. Своеасаблівасць мастацкай тэхнікі ў творах мастацтва. У вобразнай фактуры .. вершаў [А. Дудара] таксама шмат агульнага з ясенінскімі. «ЛіМ». Моўная фактура гэтага твора [«Сокі цаліны»] наглядна паказвае стан распрацаванасці стылю прозы ў той час. Навуменка. Нельга не адзначыць яшчэ адну асаблівасць фільма — яго амаль дакументальную фактуру. «ЛіМ».

[Лац. factura — апрацоўка, будова.]

факту́ра 2, ‑ы, ж.

Спец. Рахунак з вопісам адпраўленага тавару. [Усевалад:] — Колькі траціцца разумнага чалавечага часу на гэтую бяздушную работу. Фактуры, накладныя, нарады, даведкі, ведамасці, ліміткі, акты... Скрыган.

[Лац. factura — апрацоўка, будова.]

факту́рны 1, ‑ая, ‑ае.

Спец.

1. Які мае адносіны да фактуры ​1 (у 2 знач.). Фактурны жывапіс карціны.

2. Які мае ярка выражаную фактуру ​1 (у 1 знач.). Фактурная афарбоўка фанеры.

факту́рны 2, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які з’яўляецца фактурай ​2. Фактурная кніга.

фа́ктыс, ‑у, м.

Спец. Прадукт, які атрымліваецца з алеяў і ў злучэнні з серай выкарыстоўваецца для змякчэння каўчуку.

[Фр. factise — штучны.]

факты́чнасць, ‑і, ж.

Кніжн. Верагоднасць, насычанасць фактамі.

факты́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да факта (у 1, 2 знач.); які адпавядае фактам; сапраўдны. Фактычных доказаў на Тварыцкага не было: у той час ён, як і заўсёды, быў дома, нікуды .. не адыходзіў. Чорны. Сустракаюцца ў кнізе і фактычныя памылкі і недакладнасці. Шкраба. // Які існуе ў наяўнасці, але не ўзаконены юрыдычна. Фактычныя шлюбныя адносіны. □ Цяжка ўразіла ўсіх вестка аб арышце Багуцкага, фактычнага кіраўніка ўсіх дыверсій на чыгунцы. Лынькоў.

факультаты́ў, ‑тыва, м.

Разм. Неабавязковы для наведвання, звышпраграмны вучэбны курс.

[Лац. facultas — магчымасць.]

факультаты́ўнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць факультатыўнага.

факультаты́ўны, ‑ая, ‑ае.

Неабавязковы; які даецца на выбар. Факультатыўны курс лекцый.