Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

утапі́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць утапічнага; нерэальнасць. Утапічнасць ідэй. Утапічнасць тэорыі.

утапі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Заснаваны на утопіі (у 1 знач.). Утапічнае вучэнне Томаса Мора.

2. Які з’яўляецца утопіяй (у 2 знач.); нерэальны. Разам з адыходам ад утапічных ідэй Лабановіч.. перамагае.. разлад паміж словам і справай. «Полымя».

3. Які ўяўляе сабой утопію (у 3 знач.). Утапічны раман.

•••

Утапічны сацыялізм гл. сацыялізм.

утапле́нне, ‑я, н.

Кніжн. Дзеянне паводле дзеясл. утапіць (у 1, 2 знач.).

утапта́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад утаптаць (у 1–3 знач.).

утапта́цца, утопчацца; зак.

Стаць утаптаным, прымяцца. Снег утаптаўся. Сена ўтапталася.

утапта́ць, утапчу, утопчаш, утопча; зак., што.

1. Шчыльна ўмяць, топчучы нагамі. Дрэвы густа выкінулі зялёны ліст, а зямля, дзе толькі яе не ўтапталі, не ўтрамбавалі нагамі, выгнала зялёную мураву. Сабаленка. [Маці] выйшла на ганак, а Платон скача вакол шулы — свежую зямлю ўтоптвае. Утаптаў і за жардзіну ўхапіўся, у паз яе закладвае... Ракітны.

2. Затаптаць у зямлю, снег, пясок і пад. Бычок пабэрсаў кудзелю нагамі і ў гразь утаптаў. Якімовіч. Вываліўся [жолуд], скаціўся з калёс, з посцілак і ўпаў на зямлю. Яго адразу ўтапталі ў пясок людзі... Пташнікаў. // Утрамбаваць, вытаптаць. Утаптаць сцежку.

3. Разм. Складаючы, уціснуць куды‑н. усё, многае. Утаптаць усе рэчы ў чамадан. □ — Туды можна пудоў дзесяць сена ўтаптаць, — наўмысля пабольшыў Антон памер мяшка. Ермаловіч. // Складаючы, прыціснуць, умяць. Размяркоўвалі сена на вока, і кожны стараўся мацней утаптаць воз, каб ён выдаваў меншым. Крапіва.

4. перан. Разм. Многа з’есці чаго‑н. Утаптаць гаршчок кашы.

•••

Утаптаць у гразь каго-што — тое, што і затаптаць у гразь каго-што (гл. затаптаць).

утаргава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад утаргаваць.

утаргава́ць, ‑гую, ‑гуеш, ‑гуе; зак., што і чаго.

Набыць якую‑н. суму грошай ад продажу чаго‑н.; выручыць. З дому грошай Ганьцы не даюць. Няма з чаго ўзяць, няма ўтаргаваць з чаго. Васілевіч. Рамізнік, стрэўшы Палуту з травою, нічога не кажучы, адкупіў у яе абодва мяшкі і яшчэ нават падзякаваў.. — Дзякуй богу, утаргавала і хопіць для мяне на нейкі час. Гартны.

утарго́ўванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. утаргоўваць — утаргаваць.

утарго́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да утаргаваць.