Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

уту́лак, ‑лку, м.

Абл. Добраўпарадкаванасць жылля, быту; утульнасць. Утулку тут было болей, адчуваўся парадак і гаспадарскі спрыт: з трох бакоў двор абступілі будынкі — хата, хлеў, нейкая лёгкая паветка; у двары пры баку стаялі сані з рэштаю сена ў рэзгінах — пэўнае сведчанне таго, што гаспадар дома. Быкаў. Венскія крэслы ад сцяны.. былі перастаўлены да стала. І адразу пакой набыў нейкі адметны выгляд і ўтулак, ён як бы пашырэў, параскашнеў. Сабаленка.

уту́лачны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і утулкавы.

уту́лены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад утуліць.

утулі́цца, утулюся, утулішся, утуліцца; зак.

1. Уткнуўшыся, прыціснуцца да чаго‑н. Гэля маўчала, утуліўшыся тварам у падушку. Гартны. Кастусь Прыбыткоўскі.. убачыў, што Мішурын шпурнуў гранату пад танк і сам кінуўся на зямлю і ўтуліўся ў яе. Чорны. // Адасобіцца, схавацца куды‑н. Васіль яшчэ глыбей утуліўся ў змрочны куток вагона і думаў, думаў, прыкрыўшы вочы. Пестрак.

2. Захутацца ў што‑н. Мы ўтуліліся ў сваё, даволі лёгкае адзенне, сцішыліся і слухалі гутарку вады з вадою. Сташэўскі.

утулі́ць, утулю, утуліш, утуліць; зак., што.

1. Схаваць унутр чаго‑н. Жанчына падышла, .. асцярожненька, спакваля села і раптам утуліла твар у адварот халата, ціха заплакала. Кулакоўскі. Сінічкін.. падняў каўнер свайго габардзінавага плашча, утуліў у яго вушы. Пестрак.

2. Уцягнуць, увабраць унутр чаго‑н. (пра галаву). Маленькі, шчуплы стараста раптам зрабіўся яшчэ меншым, сціснуўся, утуліў галаву ў плечы, нібы на яго замахнуліся кіем. Шамякін.

3. Прыціснуць вушы да галавы (пра каня і пад.). Конь зноў ірвануў угору галаву, утуліў вушы і неяк вінавата маргнуў вялікімі, кожнае па лапцю, павекамі. Кулакоўскі.

уту́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Дэталь машын або якога‑н. прыстасавання, якая мае восевую адтуліну, куды ўстаўляецца другая дэталь. Калёсныя ўтулкі. Канічныя ўтулкі. □ Колы глыбока.. уядаліся ў пясок. Утулкі пішчалі. Броўка.

уту́лкавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ўтулкі.

уту́львацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да утуліцца.

уту́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да утуліць.

уту́льна,

1. Прысл. да утульны.

2. безас. у знач. вык. Аб наяўнасці ўтульнасці. Домік невялікі, але дагледжаны, як лялька. У чатырох пакоях яго ўтульна, цёпла, светла. Сабаленка.