Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

утка́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад уткаць.

утка́цца, утчэцца; зак.

Паменшаць у працэсе ткання.

утка́ць, утку, утчэш, утчэ; утчом, утчаце, уткуць; пр. уткаў, уткала; зак., што і чаго.

1. Уплесці, уставіць шляхам ткання нітку, паласу ў тканіну.

2. Ткучы, вырабіць што‑н. у якой‑н. колькасці.

3. Пакрыць скрозь тканым узорам; упрыгожыць шляхам ткання. Уткаць ручнікі золатам.

4. Зрасходаваць у працэсе ткання. За дзень уткала кілаграм пражы.

уткну́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад уткнуць.

уткну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Убіцца вострым канцом у што‑н., пранікнуць у глыб чаго‑н. Кап’ё ўткнулася ў зямлю. □ Човен уткнуўся носам у пясчаны бераг якраз супраць глыбокага рова. Шамякін.

2. Зарыцца галавой, тварам у што‑н. Жэнька паднялася з зямлі і ўткнулася галавою ў пасцель. Крапіва. // Есці, усунуўшы галаву ў якую‑н. пасудзіну (пра жывёлу). [Мурзік],.. ціха заскуголіўшы, падбег да бляшанкі, уткнуўся ў яе мордачкай і стаў хлябтаць. Капыловіч.

3. перан. Доўга глядзець куды‑н. (у акно і пад.). [Сёмка:] — Толькі хутка пачаў я прыкмячаць, што Аленка мая сумуе. Уткнецца ў акно, быццам на вуліцу пазірае, а сама перад сабою нічога не бачыць. Кандрусевіч. // Не ўзнімаючы вачэй, паглыбіцца ў якую‑н. справу. Уткнуцца ў кнігу.

4. Уперціся ў што‑н. Мікола як уткнуўся тварам у сцяну, так і не павярнуўся. Б. Стральцоў. — Прыехалі! Прыехалі! — усхапілася Ліза і ўткнулася носам у халодную шыбіну. С. Александровіч. — Не пікні! — Дула пісталета ўткнулася.. [Рабушку] ў грудзі. Новікаў. / у перан. ужыв. Сіратліва ўткнуліся ў неба заводскія трубы, вецер не расцягваў ад іх доўгіх хвастоў дыму. Пятніцкі. // Сутыкнуцца з якой‑н. перашкодай. Калі [хлопцы] прайшлі кіламетры са два, то.. зноў ўткнуліся ў балота! Маўр. Цяжка шаргануўшы па пясчанаму дну, уткнуўся ў бераг паром. Аляхновіч.

5. Разм. Улезці, уціснуцца куды‑н. Андрэй згледзеў, што ў кузаве пабіта людзей, не ўткнуцца. Пташнікаў. // перан. Умяшацца, прыняць удзел у чым‑н. — Як? — здзівіўся маёр. — Хто яму дазволіў?.. Усюды.. [Чыжык] уткнецца першым! Няхай. — Нічога я не пісала!.. — буркае Ганька. — Як гэта не пісала. Раскажы няхай.. [Міша] паслухае. Ён-то ўжо табе скажа! — усюды гэта баба Іваніха ўткнецца. Васілевіч.

•••

Уткнуцца носам у што або куды — не адрываючыся, з захапленнем чытаць, пісаць і пад.

Уткнуцца са сваім языком — сказаць што‑н., калі не просяць.

уткну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., што.

1. Прымусіць пранікнуць, увайсці ўглыб, унутр што‑н. вострае, тонкае; усадзіць. Уткнуць іголку ў клубок. □ Уткнуўшы косы ў мокрую ад расы траву, касцы ідуць снедаць. Нядзведскі. Маці нажала крапівы, паслала ў хляве і серп уткнула ў сцяну над дзвярыма. Бядуля. Жур счуў, што гутарку трымаюць пра яго, і тапор свой уткнуў у бервяно. Баранавых. // Сунуць куды‑н., унутр чаго‑н., за што‑н. Я ўткнуў газету ў кішэню, паправіў шалік на шыі і хутка пайшоў да тралейбуса. Мыслівец. Астап пакінуў капаніцу, Ляйчыну ўткнуў за паясніцу, Каб упраўляць сяк-так канём. Трус.

2. Схаваць, укрыць твар, галаву і пад. у што‑н. Па тратуарах, уткнуўшы насы ў каўняры, праходзілі рэдкія пешаходы. Гурскі. Меншы, Косцік.. уткнуў у падушку галаву, раскінуў ручкі. Васілевіч.

3. Уперці ў што‑н. Уткнуць нос у шыбу.

•••

Носа не ўткнуць — тое, што і носа не ўбіць (гл. убіць).

Уткнуць нос у што, куды — засяродзіцца на чым‑н., захапіцца чым‑н.

Уткнуць (уваткнуць, усунуць, уставіць) свае тры грошы — умяшацца ў чужую гаворку, калі не просяць; сказаць што‑н. неўпапад.

Уткнуць (уваткнуць, усадзіць, усунуць) свой нос (язык) — умяшацца не ў сваю справу.