утраве́лы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які парос травой. Не дайшоўшы да бетоннага слупка, .. [дзяўчына] прысела на ўтравелы адхон шашы і апусціла на калені галаву. Вышынскі.
утраве́ць, ‑ее; зак.
Разм. Пакрыцца, зарасці травой. Зямля ўтравела — Не бярэ лямеш, Па ёй вясну і восень Ліўні месяцца. Барадулін.
утрае́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. утроіць і стан паводле знач. дзеясл. утроіцца.
утраі́х, прысл.
Колькасцю ў тры асобы (рознага полу) або істоты (ніякага роду). Чырвонаармеец, а за ім і Зося з Міхалам рушылі на вакзал. Усе ўтраіх увайшлі ў вялікі пакой для пасажыраў. Чорны.
утрайне́, прысл.
У тры разы больш, у трайным памеры. Заплаціць утрайне.
утрамбава́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад утрамбаваць.
2. у знач. прым. Шчыльны, гладкі, убіты. Шафёр гнаў машыну па беразе, проста па ўтрамбаваным пяску, па прыбойных лужынах — аж разляталася вада. Караткевіч.
утрамбава́цца, ‑буецца; зак.
Стаць утрамбаваным, шчыльным, гладкім. Вуліцы нашай цяпер не пазнаць: яна і высахла і ўтрамбавалася.. пешаходамі і калёсамі. Якімовіч. Апошнія суткі часта выпадалі дажджы, днём амаль па-вясковаму грэла сонца, глыбокі снег асеў, утрамбаваўся. Шашкоў.
утрамбава́ць, ‑бую, ‑буеш, ‑буе; зак., што.
1. Ушчыльніць і выраўняць што‑н. ударамі, ціскам. Перш чым паставіць колца, асабліва першае, хапіла марокі. Трэба было разраўняць грунт, утрамбаваць, падвесці пад ровень. Гроднеў. Зямля, дзе толькі яе не ўтапталі, не ўтрамбавалі нагамі, выгнала зялёную мураву. Сабаленка.
2. Трамбуючы, убіць у зямлю, пясок і пад. Каменне грудамі ляжала ля ям, яго трэба было яшчэ як след утрамбаваць вакол слупоў. Лупсякоў.
утрамбо́вачны, ‑ая, ‑ае.
Прызначаны для ўтрамбоўвання. Утрамбовачны каток.
утрамбо́ўванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. утрамбоўваць — утрамбаваць.