утвара́льнік, ‑а, м.
Спец. Рэчыва, элемент, якія ўтвараюць што‑н.
утвара́льны, ‑ая, ‑ае.
Які служыць для ўтварэння чаго‑н. Утваральныя асновы назоўнікаў.
•••
Утваральная лінія (спец.) — лінія, рухам якой утвараецца якая‑н. паверхня.
утвара́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да утварыцца.
2. Зал. да утвараць.
утвара́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да утварыць.
утвары́цца, утворыцца; зак.
1. Атрымацца ў выніку чаго‑н., з’явіцца. На дарогах утварыліся снежныя завалы. Новікаў. Шафу мы крыху адсунулі ад сцяны, і за ёю ўтварыўся невялічкі куточак. Кавалёў. // Арганізавацца. Утварылася новае спартыўнае таварыства. □ Утварылася сусветная сацыялістычная сістэма — дзецішча міжнароднага пралетарыяту, яго галоўная заваёва, яго гордасць і надзея. «Звязда».
2. Узнікнуць у сувязі з чым‑н. На нейкі час у хаце ўтварыўся пэўны непарадак. Нечарговы выпадковы сход разгаманіўся вельмі актыўна. Якімовіч.
утвары́ць, утвару, утворыш, утворыць; зак., што.
1. Надаўшы адпаведную форму, будову, выгляд, стварыць што‑н. Утварыць прамы вугал. □ Кусты спляліся і ўтварылі жывую вечназялёную агароджу, за якой стаялі вялікія дрэвы і маленькія блакітныя домікі атэля. Шамякін. Прарваўшы фронт, легіянеры абышлі Вільню і ўтварылі вакол горада агнявую падкову. Мехаў. // Выклікаць з’яўленне, узнікненне чаго‑н. На паверхні скалы вада ў гарачай крыніцы ўтварыла паглыбленне, якое мае форму.. сапраўднага катла. Матрунёнак.
2. Заснаваць, сфарміраваць што‑н.; арганізаваць. Пасля перамогі Кастрычніка працоўныя розных нацый нашай краіны ўтварылі ваенна-палітычны саюз, які адыграў велізарную ролю ў разгроме ворагаў Савецкай рэспублікі. «Звязда». У другой палавіне зімы настаўнік аддзяліў лепшую групу вучняў і ўтварыў чацвёрты клас. Кулакоўскі. З-пад ярма краіну Вызваліў маю І з рэспублік вольных Утварыў [Ленін] Саюз. Глебка.
3. Разм. Зрабіць што‑н. нечаканае, непажаданае; напракудзіць. [Кулік:] — Звальняць не будзем — будзем судзіць. Так-так, судзіць, калі хоць яшчэ што такое ўтворыш. Кірэйчык. Маці магла такое ўтварыць, што потым на вуліцу не пакажашся. Сіняўскі.
утварэ́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле дзеясл. утвараць — утварыць (у 1, 2 знач.).
2. Тое, што ўзнікла ў выніку якога‑н. дзеяння, працэсу. Тлушчавыя ўтварэнні.
утво́раны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад утварыць.