Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

утаі́цца, утаюся, утоішся, утоіцца; зак. (часцей з адмоўем «не»).

Разм. Застацца невядомым для каго‑н. Праўда, утаіцца ад жонкі не ўдалося, але, ведаючы характар мужа, яна нічога не сказала яму. Васілёнак. Не ўтоішся з справай такою... І нікне Цімох. Баіцца ён сам прад сабою Прызнаць свой падвох. Колас.

утаі́ць, утаю, утоіш, утоіць; зак., каго-што і з дадан. сказам.

1. Захаваць у тайне, скрыць ад іншых. Далажыў [Пішчыкаў], чым займаўся полк. Нічога не ўтаіў, усё расказаў. Алешка. Не ўтаю, што часамі журыўся Я вясенняю звонкай парой. Астрэйка. Салдаты стрымлівалі слёзы, стараючыся ўтаіць іх ад камандзіра. «ЛіМ».

2. Прысвоіць. Утаіць чужыя грошы.

утаймава́льнік, ‑а, м.

Спецыяліст па ўтаймаванню дзікіх звяроў.

утаймава́льніца, ‑ы, ж.

Жан. да утаймавальнік.

утаймава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. утаймаваць.

утаймава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад утаймаваць.

утаймава́цца, ‑муюся, ‑муешся, ‑муецца; зак.

1. Уціхамірыцца, супакоіцца (пра чалавека). Пачалі будаваць дарогу праз балота. Старыя працівіліся, але моладзь не ўтаймавалася, пакуль не ўзяла верх... Чарот. Стыпендыю [студэнты] атрымалі, праз дзень-два паедуць на бульбу, так што ёсць усе падставы павесяліцца. Толькі пад раніцу ўтаймуецца інтэрнат. Навуменка. // Стаць паслухмяным, падпарадкавацца волі чалавека (пра жывёл). Вінавата апусціўшы хвост, Кудлік трохі ўтаймаваўся, але ненадоўга. Рылько.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Зменшыцца, суцішыцца або суняцца (пра боль і пад.). — Дарагі браце Сцяпане! Пойдзем да мяне, паляжыш, адпачнеш, боль утаймуецца... Дубоўка. [Алімпа] думала, што гэта яшчэ не роды, а проста забалеў жывот і калі яна будзе рухацца, дык боль утаймуецца. Сабаленка. // Заглушыцца, прыглушыцца (пра якое‑н. пачуццё, хваляванне і пад.). Калі агульная ўзрушанасць і захапленне, нарэшце, утаймаваліся, я пайшоў да Сені. Шамякін. — А чаго я цябе не бачыў да гэтага дня? — спытаў Пятро Ізобаў свайго даўняга сябра, калі радасць нечаканай сустрэчы крыху ўтаймавалася. Савіцкі. // Прыйсці ў нерухомы стан, стаць спакойным. На трэці дзень Утаймаваўся акіян. І хвалі, Прыкмеціўшы бязлюдны астравок, Як трэску, лодку іхнюю прыгналі І выплеснулі ціха на пясок. Куляшоў. Я Чорнае мора зялёным назваў бы, Калі ўтаймуецца бура і шторм. Грахоўскі. Пад раніцу завіруха трохі ўтаймавалася. Чарнышэвіч.

утаймава́ць, ‑мую, ‑муеш, ‑муе; зак.

1. каго. Уціхамірыць, супакоіць (непаслухмянага, раззлаванага чалавека). Не так лёгка было Данілу ўтаймаваць Сымона. У таго ад злосці прыбавілася сілы, ён нібы звар’яцеў. Нарэшце абяссілены, спацелы і раскудлачаны Сымон здаўся. Чарнышэвіч. // Падпарадкаваць сваёй волі чые‑н. дзеянні, учынкі. Мы ўтаймуем ворагаў зямлі, Мы здолеем у пыл іх планы сцерці! Панчанка. // Падпарадкаваць волі чалавека дзікую або непаслухмяную жывёлу. Утаймаваць тыгра.

2. што. Зменшыць, аслабіць або суцішыць (боль). Я падзякаваў сваёй выратавальніцы і папрасіў, каб яна дала мне ў дарогу гэты корань: — Калі зуб забаліць зноў, я адразу ўтаймую боль. Дубоўка. // Заглушыць, прыглушыць (якое‑н. пачуццё, хваляванне і пад.). Нейкае хваляванне ахапіла ўсіх. Каб утаймаваць яго, людзі пачалі прасіцца ісці на заданне. Шамякін. Мы сядзелі дзе хто, маўчалі, .. не маглі ўтаймаваць сваіх пачуццяў. Няхай. // Заспакоіць, здаволіць (пра жаданні, патрэбы і пад.). [Цвыркун:] — Дзякуй, пане, нешта мне піць хочацца, а салодкім чаем не ўтаймуеш смагі. Пальчэўскі. // Справіцца з якімі‑н. стыхійнымі з’явамі. Утаймаваць пажар. □ Уся брыгада працавала тады цэлага паўдня, пакуль.. утаймавалі шалёную ваду. Чарнышэвіч.

утаймо́ўванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. утаймоўваць — утаймаваць.

утаймо́ўвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да утаймавацца.

2. Зал. да утаймоўваць.