утвары́ць, утвару, утворыш, утворыць; зак., што.
1. Надаўшы адпаведную форму, будову, выгляд, стварыць што‑н. Утварыць прамы вугал. □ Кусты спляліся і ўтварылі жывую вечназялёную агароджу, за якой стаялі вялікія дрэвы і маленькія блакітныя домікі атэля. Шамякін. Прарваўшы фронт, легіянеры абышлі Вільню і ўтварылі вакол горада агнявую падкову. Мехаў. // Выклікаць з’яўленне, узнікненне чаго‑н. На паверхні скалы вада ў гарачай крыніцы ўтварыла паглыбленне, якое мае форму.. сапраўднага катла. Матрунёнак.
2. Заснаваць, сфарміраваць што‑н.; арганізаваць. Пасля перамогі Кастрычніка працоўныя розных нацый нашай краіны ўтварылі ваенна-палітычны саюз, які адыграў велізарную ролю ў разгроме ворагаў Савецкай рэспублікі. «Звязда». У другой палавіне зімы настаўнік аддзяліў лепшую групу вучняў і ўтварыў чацвёрты клас. Кулакоўскі. З-пад ярма краіну Вызваліў маю І з рэспублік вольных Утварыў [Ленін] Саюз. Глебка.
3. Разм. Зрабіць што‑н. нечаканае, непажаданае; напракудзіць. [Кулік:] — Звальняць не будзем — будзем судзіць. Так-так, судзіць, калі хоць яшчэ што такое ўтворыш. Кірэйчык. Маці магла такое ўтварыць, што потым на вуліцу не пакажашся. Сіняўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)