утапта́ць, утапчу, утопчаш, утопча; зак., што.

1. Шчыльна ўмяць, топчучы нагамі. Дрэвы густа выкінулі зялёны ліст, а зямля, дзе толькі яе не ўтапталі, не ўтрамбавалі нагамі, выгнала зялёную мураву. Сабаленка. [Маці] выйшла на ганак, а Платон скача вакол шулы — свежую зямлю ўтоптвае. Утаптаў і за жардзіну ўхапіўся, у паз яе закладвае... Ракітны.

2. Затаптаць у зямлю, снег, пясок і пад. Бычок пабэрсаў кудзелю нагамі і ў гразь утаптаў. Якімовіч. Вываліўся [жолуд], скаціўся з калёс, з посцілак і ўпаў на зямлю. Яго адразу ўтапталі ў пясок людзі... Пташнікаў. // Утрамбаваць, вытаптаць. Утаптаць сцежку.

3. Разм. Складаючы, уціснуць куды‑н. усё, многае. Утаптаць усе рэчы ў чамадан. □ — Туды можна пудоў дзесяць сена ўтаптаць, — наўмысля пабольшыў Антон памер мяшка. Ермаловіч. // Складаючы, прыціснуць, умяць. Размяркоўвалі сена на вока, і кожны стараўся мацней утаптаць воз, каб ён выдаваў меншым. Крапіва.

4. перан. Разм. Многа з’есці чаго‑н. Утаптаць гаршчок кашы.

•••

Утаптаць у гразь каго-што — тое, што і затаптаць у гразь каго-што (гл. затаптаць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)