сцепану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Разм. Зрабіць рэзкі рух якой‑н. часткай цела (часцей плячыма). Сяргей сцепануў плечуком і не адказаў. Крапіва. Ніна галавою сцепанула, каб пазбыцца гэтага непрыемнага ўяўлення. Лобан. // безас. Пра міжвольны сутаргавы рух, скарачэнне мышцаў. — Ага!.. — гукнуў з усёй моцы Косцік. Шурку ажно сцепанула. Брыль.
сце́пацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да сцепануцца.
сце́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да сцепануць.
сцерабі́ць, сцераблю, сцярэбіш, сцярэбіць; зак., што.
1. Раздрабніць на часткі, пагрызці, пакрышыць. Мышы сцерабілі жыта ў гумне.
2. перан. Разм. З’есці (у вялікай колькасці). Што зарабіў, тое і сцерабіў.
сцерагчы́, ‑рагу, ‑ражэш, ‑ражэ; ‑ражом, ‑ражаце, ‑рагуць; незак., каго-што.
1. Сачыць за захаванасцю чаго‑н.; вартаваць што‑н. Я, як кажуць, пры выкананні службовых абавязкаў: коней сцерагу, мала што можа быць. Скрыпка. [Маша:] — Аб усім ты [Павел] паклапаціўся... І выйшла, што я толькі кватэру сцерагу. Гроднеў. // перан. Не даваць парушаць, трывожыць што‑н.; ахоўваць. Шмат год, як дубы ўжо Твой [дружа] сон сцерагуць, А я ўсё змірыцца Ніяк не магу. Гілевіч.
2. і з дадан. сказам. Уважліва сачыць, пазіраць за кім‑, чым‑н. [Ліба:] — Я сцерагла, каб у хаце ніхто не стукнуў. Заперла браму. Гартны.
3. Чакаць каго‑н., падпільноўваць. Хто ведае на вайне, дзе каго смерць сцеражэ. Шамякін. / у паэт. ужыв. Белы вус, як снег калядны, Смех хавае неразгадны, Вы ахвяру сцеражэ. Колас.
4. Клапатліва засцерагаць ад чаго‑н. [Змітрок] верна служыў ляснічаму. Ён сцярог яго ад бяды і немачы, паважаў і любіў, як сына... А ляснічы лічыў яго забойцам. Чарнышэвіч. Клёны шумелі панура, Вецер блукаў у галлі. Дрэўца малое ад буры Дбала яны сцераглі. Смагаровіч.
5. Клапатліва аберагаць, захоўваць. Краіна родная мая,.. Высокі твой дзяржаўны лад У сэрцы дбайна сцерагу я. Бялевіч.
сцерагчы́ся, ‑рагуся, ‑ражэшся, ‑ражэцца; ‑ражомся, ‑ражацеся, ‑рагуцца; незак., каго-чаго і без дап.
Прымаць якія‑н. меры перасцярогі; быць асцярожным. Сцеражыся цягніка. □ Гаспадар .. успамінае сына: «Ах, Радзівон, Радзівон, не слухаўся, не сцярогся»... Мележ. Шэпча заяц: — Сцеражыся, За табою сочаць рысі. Вітка. // і з дадан. сказам. Быць асцярожным у адносінах з кім‑н.; пабойвацца каго‑н. Заводзячы знаёмства з ваеннапалоннымі, [Фадзею] трэба было сцерагчыся, каб не натрапіць на правакатара. Кухараў.
сцеражо́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад сцерагчы.
2. у знач. прым. Такі, якога ахоўваюць, засцерагаюць ад каго‑, чаго‑н. / у знач. наз. сцеражо́ны, ‑ага, м. Сцеражонага і бог сцеражэ. Прыказка.
сце́рва, ‑ы, м. і ж.
Разм. лаянк. Подлы чалавек. [Рачкоўскі:] — Сам забудзься, што ты — сцерва, дык і людзі забудуцца. Зарэцкі. — Прызнавайся, сцерва! — не вытрымлівае Свірыд і кідаецца на нявестку. Колас.
сце́рлядзь, ‑і, ж.
Каштоўная прэснаводная прамысловая рыба сямейства асятровых.
сце́рпець, сцярплю, сцерпіш, сцерпіць; зак., што і без дап.
Тое, што і сцярпець. Было нялёгка сцерпець Януку І не ўсадзіць усю абойму куль У юду гэтага. Танк.