Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

справу́нкі, ‑аў; адз. справунак, ‑нка, м.

Разм.

1. Заняткі, справы. [Жонкі] пойдуць па сваіх хатніх справунках, а едучы дахаты, будуць пытацца ў сваіх мужоў, пра што ж гаварылі ў райкоме. Пестрак. У Слуцку, на рыначнай плошчы, зрабіўшы ўсе справункі, сядзеў Кірыла на сваім возе і перакусваў, збіраючыся дадому. Скрыган.

2. Рэч, якую хто‑н. каму‑н. справіў, купіў; абноўка. Старым, маўляў, ніякіх справункаў не трэба, няхай яны, маладыя, лепш пра сябе ды пра сваіх дзяцей дбаюць. Сабаленка.

справядлі́васць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць справядлівага; правільнасць. Справядлівасць прыгавору. □ Дабрата і справядлівасць калгаснага брыгадзіра Лявона Архіпавіча былі ўсім добра вядомы. Якімовіч.

2. Пра аб’ектыўныя, справядлівыя адносіны да каго‑, чаго‑н. Справядлівасць вымагае зазначыць, што не было яшчэ такога здарэння, каб Самабыліха адступілася ад свайго слова. Колас. Трэба аддаць справядлівасць нашым хлопцам: паказалі яны сябе тут сапраўднымі героямі. Маўр. А іншыя даказвалі, што лепей разам .. і пажаць, і памалаціць, і па справядлівасці раздаць людзям. Марціновіч.

3. Адпаведнасць чалавечых адносін, дзеянняў патрабаванням маралі і права; чалавечыя адносіны, законы, звычаі, якія адпавядаюць маральным і прававым нормам. Разам з Янкам, Купалам, Якубам Коласам, Максімам Багдановічам Змітрок Бядуля праўдзіва адлюстраваў жыццё народа, яго імкненне да справядлівасці. Каваленка.

справядлі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які дзейнічае бесстаронна, адпаведна з праўдай, аб’ектыўнымі фактамі. [Пракоп:] — Васіль Міхайлавіч мае заскокі, але справядлівы і не трымае зла. Шыцік. Рэўнасць не дала .. [Юрку] быць справядлівым. Карпаў. [Магнат:] — Ох, боцман. А па службе строгі. Хоць кожны дзень фарбуй антэну — знойдзе прычэпку. Але да ўсіх аднолькава справядлівы. Мыслівец. // Які грунтуецца на правільных, аб’ектыўных адносінах да каго‑, чаго‑н.; аб’ектыўны. Справядлівы ўчынак. □ Выступленне Кацярыны хоць і не зусім справядлівае ў адносінах Вольчынага звяна, усё ж мела поспех у калгаснікаў. Кулакоўскі.

2. Такі, у аснову якога пакладзены патрабаванні справядлівасці. Справядлівы мір. Справядлівая вайна. □ Паспяховае і справядлівае вырашэнне нацыянальнага пытання ў СССР на аснове прынцыпаў марксізма-ленінізма дало новы стымул вызваленчай барацьбе народаў каланіяльных і залежных краін. «Звязда». Маленькі народ [В’етнама], перакананы ў сваёй справядлівай барацьбе, устаяў перад агрэсарам. Кавалёў. // Выкліканы пачуццём справядлівасці; абгрунтаваны, законны. Справядлівае абурэнне.

3. Які адпавядае праўдзе, аб’ектыўным фактам; правільны. Справядлівае абвінавачанне.

спрага́льнасць, ‑і, ж.

Здольнасць (дзеяслова) спрагацца.

спрага́льны, ‑ая, ‑ае.

У граматыцы — такі, што можа спрагацца; які мае формы спражэння. Такім чынам, сістэма форм дзеяслова складаецца з інфінітыва .., спрагальных форм абвеснага, загаднага і ўмоўнага ладу, неспрагальных форм — дзеепрыметніка і дзеепрыслоўя. Граматыка.

спрага́цца 1, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; незак.

1. Незак. да спрэгчыся ​1 (у 2 знач.).

2. Зал. да спрагаць ​1.

спрага́цца 2, ‑аецца; незак.

1. Мець формы спражэння.

2. Зал. да спрагаць ​2.

спрага́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да спрэгчы ​1.

спрага́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.

У граматыцы — змяняць дзеяслоў па асобах, ліках і часах.

спрадава́ць, ‑даю, ‑даеш, ‑дае; ‑даём, ‑даяце, ‑даюць.

Незак. да спрадаць ​1.

спрада́цца, ‑дамся, ‑дасіся, ‑дасца; ‑дадзімся, ‑дасцеся, ‑дадуцца; пр. спрадаўся, ‑далася, ‑лося; зак.

Разм. Прадаць усю сваю маёмасць, усе свае тавары. Жонка Усцінава, Ганна, хуценька спрадалася, за сваіх хлапчукоў ды таксама — туды. Ракітны.

спрада́ць 1, ‑дам, ‑дасі, ‑дасць; ‑дадзім, ‑дасце, ‑дадуць; пр. спрадаў, ‑дала, ‑ло; зак., каго-што.

Прадаць усю маёмасць дарэшты (звычайна па частках). Раней у .. [Якава] была свая хата, зямля, гаспадарка неблагая, але ўсё гэта ён спрадаў, калі жонка захварэла на сухоты. Каліна.

спрада́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да спрасці.