справядлі́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які дзейнічае бесстаронна, адпаведна з праўдай, аб’ектыўнымі фактамі. [Пракоп:] — Васіль Міхайлавіч мае заскокі, але справядлівы і не трымае зла. Шыцік. Рэўнасць не дала .. [Юрку] быць справядлівым. Карпаў. [Магнат:] — Ох, боцман. А па службе строгі. Хоць кожны дзень фарбуй антэну — знойдзе прычэпку. Але да ўсіх аднолькава справядлівы. Мыслівец. // Які грунтуецца на правільных, аб’ектыўных адносінах да каго‑, чаго‑н.; аб’ектыўны. Справядлівы ўчынак. □ Выступленне Кацярыны хоць і не зусім справядлівае ў адносінах Вольчынага звяна, усё ж мела поспех у калгаснікаў. Кулакоўскі.
2. Такі, у аснову якога пакладзены патрабаванні справядлівасці. Справядлівы мір. Справядлівая вайна. □ Паспяховае і справядлівае вырашэнне нацыянальнага пытання ў СССР на аснове прынцыпаў марксізма-ленінізма дало новы стымул вызваленчай барацьбе народаў каланіяльных і залежных краін. «Звязда». Маленькі народ [В’етнама], перакананы ў сваёй справядлівай барацьбе, устаяў перад агрэсарам. Кавалёў. // Выкліканы пачуццём справядлівасці; абгрунтаваны, законны. Справядлівае абурэнне.
3. Які адпавядае праўдзе, аб’ектыўным фактам; правільны. Справядлівае абвінавачанне.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)