Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

спо́равы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да спор. Споравая клетка. // Які ажыццяўляецца пры дапамозе спор. Споравае размнажэнне. // Які распаўсюджваецца, размнажаецца спорамі. Споравыя расліны. / у знач. наз. спо́равыя, ‑ых.

спо́рак, ‑рка, м.

Спораты верх ношанага верхняга адзення.

спо́раты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад спароць.

спо́рвацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да спароцца.

2. Зал. да спорваць.

спо́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да спароць.

спо́рнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць спорнага.

спо́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, што спорыцца; хуткі і паспяховы (пра дзейнасць, працу). Закіпела дружная спорная праца, у якой Марына Паўлаўна не толькі не тамілася больш, а нібы адпачывала ад ранейшае зморы. Зарэцкі. // Складны, энергічны. Жвір выстукаў пальцамі па лаўцы нейкі спорны і дробны марш. Адамчык. // Які найбольш падыходзіць да выканання чаго‑н.; найбольш практычны, эканомны. Трактар — Дужы і ў працы спорны. Колас. Буланы, застаяўшыся ў гарадку, апанаваны аваднямі, імчаў лінейку спорнай рыссю. Хадкевіч.

2. Які хутка змочвае або пакрывае зямлю (пра снег, дождж); часты. Нядаўна прайшоў спорны дождж, і ісці па слізкай абочыне было цяжка. Парахневіч. Снег валіў нядоўга з неба, але быў да таго густы і спорны, што праз якую гадзіну горад стаў белы. Васілёнак.

3. Які дае пры малых затратах найлепшы вынік; выгадны ў гаспадарчых адносінах. Спорная мука. □ Дровы, праўда, былі не самавітыя, бо не надта спорныя, у большасці галлё ды пруцце. Кулакоўскі. // З вялікай колькасцю ягад, зярнят і пад. Колькі разоў падыходзіў я да.. [каліны] і любаваўся спорнымі гронкамі ягад! Бажко. [Юстын:] — Такой пшаніцы мы і, праўда, зроду не бачылі — буйная, спорная, што золата. Краўчанка. // Буйны, вялікі. Мох на балоце густы, спорны. Галавач. Слёзы пацяклі па твары, гарачыя і спорныя. Крапіва. На .. [чамаданчыку] кроплі вады: сцякліся адна да адной, спорныя цяпер, круглыя, як гарох. Пташнікаў.

4. З вузкімі, дробнымі, блізка размешчанымі літарамі і невялікімі прамежкамі паміж словамі (пра почырк і пад.). [Рэдактар] падаў.. [Віктару] густа спісаны спорным почыркам ліст паперы. Даніленка.

спорт, ‑у, М ‑рце, м.

Фізічныя практыкаванні (гімнастыка, барацьба, турызм і пад.), якія маюць мэтай развіццё і загартоўку арганізма. Парашутны спорт. Майстар спорту. □ Азарчук яшчэ раз звярнуў увагу на тое, як спорт дапамог яму ў рабоце. Ваданосаў. Мінскае возера зрабілася цэнтрам воднага спорту ў горадзе. «Беларусь». / Пра гульню ў шахматы, шашкі, пра рыбалоўства і пад. // перан.; чаго і які. Занятак, які з’яўляецца прадметам азартнага захаплення.

[Англ. sport.]

спорт... (а таксама спарт...).

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «спартыўны», напрыклад: спорттавары, спортпляцоўка.

спортгарадо́к, ‑дка, м.

Комплекс спартыўных збудаванняў для заняткаў рознымі відамі спорту; спартыўны гарадок.