спо́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, што спорыцца; хуткі і паспяховы (пра дзейнасць, працу). Закіпела дружная спорная праца, у якой Марына Паўлаўна не толькі не тамілася больш, а нібы адпачывала ад ранейшае зморы. Зарэцкі. // Складны, энергічны. Жвір выстукаў пальцамі па лаўцы нейкі спорны і дробны марш. Адамчык. // Які найбольш падыходзіць да выканання чаго‑н.; найбольш практычны, эканомны. Трактар — Дужы і ў працы спорны. Колас. Буланы, застаяўшыся ў гарадку, апанаваны аваднямі, імчаў лінейку спорнай рыссю. Хадкевіч.
2. Які хутка змочвае або пакрывае зямлю (пра снег, дождж); часты. Нядаўна прайшоў спорны дождж, і ісці па слізкай абочыне было цяжка. Парахневіч. Снег валіў нядоўга з неба, але быў да таго густы і спорны, што праз якую гадзіну горад стаў белы. Васілёнак.
3. Які дае пры малых затратах найлепшы вынік; выгадны ў гаспадарчых адносінах. Спорная мука. □ Дровы, праўда, былі не самавітыя, бо не надта спорныя, у большасці галлё ды пруцце. Кулакоўскі. // З вялікай колькасцю ягад, зярнят і пад. Колькі разоў падыходзіў я да.. [каліны] і любаваўся спорнымі гронкамі ягад! Бажко. [Юстын:] — Такой пшаніцы мы і, праўда, зроду не бачылі — буйная, спорная, што золата. Краўчанка. // Буйны, вялікі. Мох на балоце густы, спорны. Галавач. Слёзы пацяклі па твары, гарачыя і спорныя. Крапіва. На .. [чамаданчыку] кроплі вады: сцякліся адна да адной, спорныя цяпер, круглыя, як гарох. Пташнікаў.
4. З вузкімі, дробнымі, блізка размешчанымі літарамі і невялікімі прамежкамі паміж словамі (пра почырк і пад.). [Рэдактар] падаў.. [Віктару] густа спісаны спорным почыркам ліст паперы. Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)