спле́сквацца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да спляскацца.
2. Зал. да сплескваць.
спле́скваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да спляскаць.
спле́снелы і сплясне́лы, ‑ая, ‑ае.
Пакрыты плесняй, цвіллю; цвілы. Сплеснелы хлеб. Спляснелыя паперы.
спле́снець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее і сплясне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Пакрыцца плесняй, цвіллю; зацвісці.
спле́сці, спляту, спляцеш, спляце; спляцём, сплецяце, сплятуць; пр. сплёў, спляла, ‑ло; заг. спляці; зак., што.
1. Вырабіць, зрабіць пляценнем. Сплесці вянок. □ І кошык сплятуць Каля светлай вады, І ягад лясных Назбіраюць дзяды. Куляшоў. Дзед Цыпрук сваю паставіў базу, Адмыслова сплёў з галін будан, Што ў спёку добра пахне лазняй. Караткевіч. Неяк за абедам бацька папрасіў: — Сплёў бы ты мне, сынок, лапці. Ляўданскі.
2. Злучыць, змацаваць пляценнем. Па прывычцы .. [Маша] спляла валасы ў касу. Шамякін. Ён [салдат] касіў, быццам піў хмельны водар здаровы Белай дзятлаўкі той, што спляла травастой. Арочка. // Злучыць, счапіць, пераплёўшы адно з другім (рукі, ногі, пальцы). Сплёўшы пальцы на галаве і злёгку адкінуўшыся назад, .. [Сіўцоў] уголас пачаў чытаць цудоўныя вершы Цютчава. Васілевіч. // перан. Цесна звязаць, злучыць, зліць. Некалькі сюжэтных ліній аўтар сплёў у адзіную кампазіцыю. «Маладосць».
3. перан. Разм. Выдумаць. — Не, няпраўда, сынок! Гэта байку сплялі. Колас.
спле́сціся, сплятуся, спляцешся, спляцецца; спляцёмся, сплецяцеся, сплятуцца; пр. сплёўся, сплялася, ‑лося; заг. спляціся; зак.
1. Пераплесціся, пераблытацца; пераплёўшыся, злучыцца (пра галіны, дрэвы і пад.). Кусты спляліся і ўтварылі жывую вечназялёную агароджу. Шамякін. Абвітыя хмелем галінкі і лісце спляліся над галавою так густа, што праз іх не магло прабіцца сонца. Сачанка. Карэнні, як дрот тэлефонны, Спляліся ля кожнай сасны. Прыходзька. // Пераплёўшыся, счапіцца (пра рукі, ногі, пальцы); абхапіць адно аднаго, пераплёўшы рукі і ногі. Толькі прыйшоў гэты час. На пероне Клункаў і кошыкаў штурхатня. Думна стаялі вы збоку, пры клёне, Рукі спляліся — ніяк не разняць. Цвірка. Школу запоўнілі крыкі і лаянка. Усе спляліся ў адзін клубок. Кіпеў сапраўдны рукапашны бой. Машара. // перан. Злучыцца, зліцца адно з другім. Як дзіўна ўсё гэта сплялося! Колас. Даўняе з сягонняшнім сплялося. Пысін. У .. сюжэце зусім ненатуральна спляліся эпізоды сямейна-бытавой драмы з меладраматычнай развязкай. Лойка.
2. Уявіцца, узнікнуць у свядомасці, у сне. [Крушынін:] — Учора бачыў у сне .. Домну [Анісіма]. І спляцецца ж чорт ведае што! Гурскі. Ноччу доўга не мог заснуць. З галавы не выходзіць тое, што перажыў за дзень .. І сплёўся пачварны неверагодны сон, які змучыў мяне канчаткова. Дамашэвіч.
спле́цены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад сплесці.
2. у знач. прым. Які сплёўся, зблытаўся (пра галіны, расліны і пад.). Варушылася сплеценае бярозавае галлё. Мележ. [Зося, Іна, Анатоль] спыніліся каля сплеценых кустоў вінаградніку, які ўтварыў нешта накшталт жывога будана. Ваданосаў.
сплёўвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да сплёўваць (гл. сплюнуць у 1 знач.).
сплёўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да сплюнуць.
спло́ены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад сплоіць.