Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

спавяда́льнік, ‑а, м.

Свяшчэннік, які прымае споведзь, спавядае.

спавяда́льня, ‑і, ж.

Памяшканне ў каталіцкай царкве для споведзі. Праз .. акенца спавядальні, ксёндз, распытваючы ў .. [Гушкі] ўсякую нават драбязу, дазнаўся раптам.. што ў яго праваслаўная жонка. Чорны.

спавяда́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. спавядаць.

спавяда́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад спавядаць.

спавяда́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Быць на споведзі, прызнаваць грахі. Не забыліся яшчэ малінаўцы, як спавядаўся Андрэй у папа Сулкоўскага. Чарнышэвіч.

2. перан. Шчыра прызнавацца ў чым‑н.; расказваць пра сябе, пра свае сакрэты. Не хацелася Зосі ва ўсім спавядацца свёкру. Крапіва. Адказваў я скупа, бо не вельмі хацелася спавядацца перад гэтым ніцым чалавекам. Сабаленка. На крутых паваротах жыцця людзі ахвотна раскрываюць сваю душу, нібы спавядаюцца перад табой. Асіпенка.

3. Зал. да спавядаць.

спавяда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго і без дап.

1. Прымаць споведзь у каго‑н., слухаць пакаянне ў грахах на споведзі. Спавядаць грэшніка. Спавядаць хворага. □ У царкве правілі аж тры папы: спавядалі, хрысцілі, свянцілі ваду, з пратэсамі хадзілі вакол крыніцы. Грахоўскі.

2. перан. Настойліва распытваць каго‑н.; лаяць і ўшчуваць за што‑н. Васіль Бераг, ведаеце, угледзеўшы, што Стэпа нясе бярэмейка г[о]ллейка, спыніў яе ля студні .. і давай спавядаць, лаяць ды, нават, штурхаць. «Гэта, — кажа, — няйначай, ты пакрала маё галлё...» Гартны. [Ніна:] — Ат, глупства. «Маленькі дыванок», і растлумачыла: — Так мы называем выклік да начальства. Стаіш на дыване, а яно цябе спавядае. Шыцік.

3. Кніжн. Прытрымлівацца якога‑н. вучэння, пераканання і пад. Цікавасць Багдановіча да народнага эпасу і яго форм была творча зразумета Купалам, які напісаў сваю «Бандароўну», якраз кіруючыся прынцыпамі, якія спавядаў Багдановіч. М. Стральцоў.

спавясці́ць, ‑вяшчу, ‑вясціш, ‑вясціць; ‑вясцім, ‑весціце; зак., каго-што, аб чым і з дадан. сказам.

Тое, што і апавясціць. [Пан Юры:] — Накрыйся, кажу табе. Ідзі ў чалядню. Папрасі там гарэлкі. І аўса каню. — Не, — сказаў мужык. — Загадана яшчэ спавясціць... Караткевіч.

спавяшча́цца, ‑аецца; незак.

Зал. да спавяшчаць.

спавяшча́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да спавясціць.

спавяшчэ́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. спавяшчаць — спавясціць.