спавяда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго і без дап.
1. Прымаць споведзь у каго‑н., слухаць пакаянне ў грахах на споведзі. Спавядаць грэшніка. Спавядаць хворага. □ У царкве правілі аж тры папы: спавядалі, хрысцілі, свянцілі ваду, з пратэсамі хадзілі вакол крыніцы. Грахоўскі.
2. перан. Настойліва распытваць каго‑н.; лаяць і ўшчуваць за што‑н. Васіль Бераг, ведаеце, угледзеўшы, што Стэпа нясе бярэмейка г[о]ллейка, спыніў яе ля студні .. і давай спавядаць, лаяць ды, нават, штурхаць. «Гэта, — кажа, — няйначай, ты пакрала маё галлё...» Гартны. [Ніна:] — Ат, глупства. «Маленькі дыванок», і растлумачыла: — Так мы называем выклік да начальства. Стаіш на дыване, а яно цябе спавядае. Шыцік.
3. Кніжн. Прытрымлівацца якога‑н. вучэння, пераканання і пад. Цікавасць Багдановіча да народнага эпасу і яго форм была творча зразумета Купалам, які напісаў сваю «Бандароўну», якраз кіруючыся прынцыпамі, якія спавядаў Багдановіч. М. Стральцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)