сло́дыч, ‑ы, ж.
Разм.
1. Уласцівасць салодкага (у 1 знач.); салодкі смак. Слодыч цукерак. Слодыч вінаграду. Такая слодыч, есці немагчыма.
2. перан. Прыемнае адчуванне; асалода, задавальненне. Я палюбіў цябе, край украінскі, За слодыч музыкі бандур тваіх. Журба. Сэрца ведае тамленне, Сэрца знае слодыч мар. Колас. Апошні месяц Міця адчувае сябе роўным з сябрамі і ўдосталь п’е слодыч гэтага цудоўнага пачуцця. Навуменка. [Баляслаў] піў слодыч цішыні бацькаўскага гнязда. Чорны. Я знаю, што служба марская — не слодыч, А мора — не толькі адна прыгажосць. Жычка.
сло́ены, ‑ая, ‑ае.
Зроблены ў выглядзе накладзеных адзін на другі слаёў, слаямі. Слоенае цеста. // Прыгатаваны з такога цеста. Слоены пірог.
сло́ік, ‑а, м.
Невялікая шкляная або гліняная пасудзіна. Зеленаватыя рыжыкі складаліся ў дзежачкі, гліняныя слоікі, саліліся. Васілевіч. [Прылуцкі] трымаў у руках шкляны слоік з хімічнымі прэпаратамі. Новікаў. // Колькасць чаго‑н., якая змяшчаецца ў такой пасудзіне. Ды яшчэ сённяшняй раніцай, збіраючыся сюды, .. [маці] памяняла на базары апошнія свае туфлі на слоік тварагу. Мехаў. Слоіка салёных груздоў, купленага на станцыі, хапала.. [Будрысу], з бульбай, на два дні. Караткевіч.
сло́ічак, ‑чка; Р мн. ‑чкаў; м.
Памянш. да слоік.
слой 1, ‑я; мн. слаі, ‑ёў; м.
1. Маса якога‑н. рэчыва, якая пакрывае паверхню чаго‑н., або пласт чаго‑н., размешчаны паміж іншымі такімі пластамі. Слой лёду. Слой тлушчу. Слой драўніны. Слаі атмасферы. □ Тоўсты слой моху-тарфяніку зялёным кажухом пакрываў балота. Ваданосаў. // перан. Тое, што наслойваецца на што‑н. Выпадак за выпадкам, нязначным, дробныя, пластуюцца яны і складаюць моцныя слаі жыцця. Гартны.
2. Група людзей, аднародная па сацыяльных, культурных і пад. прыметах. У рэвалюцыйным лагеры мы бачым людзей розных слаёў грамадства. Хромчанка.
•••
Культурны слой зямлі — слой зямлі, які ўтвараецца з арганічных і іншых рэштак на месцах пасяленняў чалавека.
слой 2, ‑я, м.
Вялікі слоік. Распачаў тут доктар лекі: Апарацік выняў нейкі, — Трубак, шрубак там мільён, А да іх яшчэ балон. У Хвядосаў труп застылы Ён бальзам уліў у жылы, Слой шкляны сказаў падаць, Стаў за хворым наглядаць. Крапіва.
сло́йка, ‑і, ДМ ‑йцы, ж.
Разм.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. слаіць. Слойка цеста.
2. Булачка з слоенага цеста. Свежыя слойкі.
слон, слана, м.
1. Буйная траваедная млекакормячая жывёліна з доўгім хобатам і двума біўнямі, якая жыве ў трапічнай Афрыцы і Азіі.
2. Шахматная фігура, якая можа перамяшчацца на любую колькасць клетак па дыяганалі.
3. Разм. Аб тоўстым непаваротлівым чалавеку.
•••
Рабіць з мухі слана гл. рабіць.
Слана не заўважыць — не бачыць самага важнага, самага прыкметнага, вялікага.
сло́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Лясная птушка з рудавата-бурым апярэннем; лясны кулік, вальдшнэп. З таго часу, як на балацявіне вынішчылі драбналессе, ён [Антонавіч] адкрыў тут пералётную трасу слонак. Карамазаў.
сло́та, ‑ы, ДМ слоце і слата́, ‑ы, ДМ слаце, ж.
1. Сырое надвор’е з дажджом і мокрым снегам. Прыйшла восень з дажджамі, слотай, а перамогі ўсё не было. Пальчэўскі. Здавалася, што кожны тэлеграфны слуп пры шляху гудзе бесперапынна: і нудна, клічучы вятры і непагадзь, асеннюю слату і холад. Чарнышэвіч. У зімнюю завіруху і ў асеннюю слоту стаяў ён [дзядзька Яўтух], узіраючыся ў густую цемру, у сіняваты змрок, у туманнае ранне. Бялевіч. Ды і самі вуліцы, асабліва ў веснавое разводдзе ці асеннюю слату, .. танулі ў балоце. Мележ. // Вільгаць, макрэча. Асенні снег доўга не трывае — прыбаўляе слаты. Навуменка. І, разагрэты шпаркаю хадою па слоце каламутных каляін, шапчу... рыфмую з шолахам ялін смак цыгарэт і водар сырадою... Федзюковіч. / у паэт. ужыв. Пражыў на свеце многа: Вёз нечага сто год. За век пабачыў гора, Нямала вынес слот. Жылка.
2. м. і ж.; перан. Пра чалавека, які надакучае, прыстае. [Бабуля:] — Адчапіся, слата, у горле перасохла. Прадзі вось лепш, а то будзе бацька без кашулі. Брыль.
•••
Вязацца слатою (слотаю) гл. вязацца.
сло́тны, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Сыры, з дажджом або мокрым снегам. Слотная восень. □ Бульба пячэцца, полымя шугае. А ты сядзі і — калі дзень слотны, непагодлівы — працягвай толькі да агню то адну, то другую руку. Васілевіч.
2. перан. Надакучлівы, назойлівы. Маці Вацікава дзецьмі абнядужала, а да бацькі прыкараскалася слотная трасца. Баранавых.